Читать «Чазенія» онлайн - страница 46

Уладзімір Караткевіч

XI. НАЧНАЯ БАЛАДА ТРЫВОГІ, ПРАСПЯВАНАЯ БЛАКІТНАЙ ОРДЭНСКАЙ СТУЖКАЙ

I так яны хадзілі цэлы дзень. Танюткая постаць жанчыны. Вялікая постаць мужчыны. Белы цень лайкі. I яшчэ, недзе наводдаль, у нетрах, цьмяны і няўлоўны цень леапарда.

Цвіў вакол сіні аконіт, трава, што вырасла з атрутнай сліны пякельнага пса Цэрбера. Геракл утаймаваў яго, выцягнуў з пекла і павёў па зямлі, і там, дзе падала сліна, вырастаў аконіт, падобны на сінюю зяпу страшнага пса. I нельга было не падумаць аб тым, як далёка зайшоў Геракл, калі аконіт рос нават у Прымор'і.

I мужчына ішоў з сабакам, моцны і шыракаплечы, уладны і пераможны і сам падобны на Геракла. I часам са здзіўленнем, трывогай і неразуменнем глядзела на яго жанчына з чароўна-зменлівым, годным і мілым абліччам. А ён глядзеў на яе, на плаўную і прыгожую хаду, на моцныя ногі, што цвёрда неслі ладнае цела, на залатыя валасы і сінія, як аконіт, вочы і п'янеў. Ад аконіту, ад хады, ад таго, што яна рабілася ўсё больш жаданай, ад таго, што яна была і будзе недасяжнай і чужой.

Кожная змена гэтага аблічча кідала яго ў бязмежна-пяшчотны трапяткі адчай. Ён не ведаў, чаму ён так позна прызнаўся сабе ў самьм важлівьм. I ён ведаў, што яна не можа не адчуваць замірання мужчынскага сэрца побач з сабою. Не можа таму, што яны – як быццам адны на зямлі. Але ён ведаў яшчэ і тое, што ён не мае права нічога сказаць ёй.

Над ніпонскай папараццю, над дзікім перцам, над шалёным спляценнем заманіхі, араліі, даурскай крушыны, над язмінам і любкай мандарынскай, над залатымі кветкамі ястрабінкі – і самі залатыя ў промнях сонца – гудзелі, завіхаліся пчолы.

Як п'яная, кружылася галава. Можна было памерці ад адной нязмернасці жаданняў. Буяла вакол жыццё, і толькі жанчына, здавалася, не мела і не хацела мець да гэтага жыцця ніякага дачынення,

...I скончыўся дзень. I прыйшла ноч...

..Лавілі матылёў. Адну прасціну павесілі на сцяну хаткі, другую паклалі на зямлю. Уключылі рэфлектар. Ляцелі з ночы матылі. Часам нейкі трапляў у прыкрыты рэфлектар, і адтуль ляцеў залаты пылок. Пасля ён выбіраўся адтуль, сядаў на асветленую прасціну і чакаў. Іх было ўсё болей. Ляцелі, апускаліся на просціны цені. Жанчына выбірала сярод іх патрэбныя і асцярожна накрывала іх шырокім горлам марылкі.

Бясконца, да самай апошняй хвіліны ён мог бы глядзець на яе рухі. У кожным была ладная, гожая прыгажосць, маладая, жывая сіла жыцця.

Яна адчувала гэта. Яна аддалялася.

Імкнулі на святло соўкі, невыказнай пяшчотнасці вясёлкавыя маціцоўніцы, эльцызмы Вествудзі, падобныя на кветкі архідэй. Гіганцкія, фантастычныя па афарбоўцы хвалістыя павінавочкі-брамеі і павінавочкі-артэміды, такія пяшчотна-зялёныя, бранзаватыя, малахітавыя. Вялікія, часам з дэсертную талерку, яны трапяталі крыламі, аж нешта звінела і спявала ў паветры.

Вялізны матыль сеў на грудзі Севярыну і папоўз да ягонага аблічча, буйны, нібы ў кіно, аж спалохацца можна было. Пукатыя гіганцкія вочы адбівалі святло, гарэлі барвяным агнём.