Читать «Чазенія» онлайн - страница 44

Уладзімір Караткевіч

Севярын зрабіў яшчэ крок. Ён не памятаў сябе ад злосці. Ад злосці на гэтую пачвару, што палюе на сабаку, а можа, і на яго, ад злосці на цемру, ад злосці на гэтую жанчыну, якая, хай сабе і з меркаванняў вышэйшай праўды, перакрэсліла ягонае жыццё.

На гэтую жанчыну, што глядзела на яго з агідай у той час, калі ён не варты такога. На гэтую непрымірымую жанчыну, што ніколі не даруе і не працягне з сяброўскім даверам сваю руку.

Хрып цяпер блукаў вакол вогнішча. Па нябачным коле. Блукаў і паступова аддаляўся. З відавочнай неахвотай, з пачуццём смяротна абражанай годнасці.

I чалавек ведаў, што звер ніколі не даруе яму паражэння. Так, як ён, чалавек, ніколі не даруе свайго паражэння гэтай жанчыне.

Ён кінуў у агонь сушняку. Полымя ўскінулася і заскакала барвай па чорных лапах кедраў, па светлых крылах гіганцкіх арэхаў, па адчыненых дзвярах хаткі, па абліччы жанчыны, якая стаяла ў гэтых дзвярах.

– Псіх ненармальны... – голас яе сарваўся. – А стрэльба? Стрэльба дзе?

– Леапард не нападае на чалавека, – глуха сказаў ён.

– Так. Ніколі не нападае. Але гэта – я не ведаю, што ён такі за звер, гэты... Пашэнціла раз дзіця ўкрасці? Людаедам зрабіўся з-за старасці ці фізічнай вaды? Проста звык паляваць на самага безабароннага... на чалавека... без кіпцюроў і рог?.. Або... або такі самы псіх, як вы?

Яна ішла да агню, і выгляд у яе быў страшны.

– Я не ведаю, але...

Ён нічога больш не сказаў. З яго было досыць. Ён лёг на подсцілку, закутаўся з галавою ў коўдру і змоўк, павярнуўшыся да яе спіною.

...Калі ён пракінуўся – палыхала зара. Святло ахапіла палову неба. Росы сплывалі з абмытых, нібы лакіраваных, дрэў.

Жанчына сядзела, абхапіўшы рукамі ногі і паклаўшы падбароддзе на калені. На ўлонні ў яе ляжала стрэльба.

– Прачнуўся самы далікатны, гжэчны і рыцарскі мужчына ў паднябеснай. Трубадур. Спявайце "Альбу".

Яна сказала гэта без ценю начнога гневу і ўзрушэння, спакойным, іранічным голасам. Нават вочы кпілі.

– Яны пакінулі на варце жанчыну і з пачуццём споўненага абавязку паляглі спаць.

– Я, здаецца, нікога не прасіў вартаваць. Нічога не здарылася. Прычын для геройства і самаахвярнага неспання не было.

– А можа, гэта мне было прыемна?

– Ахвотна веру.

На месцы іроніі з'явілася ў вачах сур'ёзнасць.

– Я змерала адлегласць між слядамі. Ведаючы яе, можна прыблізна меркаваць аб велічыні звера.

– Ну?.. – без асаблівай цікавасці сказаў ён.

– Котачка прыблізна ў метр семдзесят – метр восемдзесят ад носіка да кораня хвосціка. Маленькая, пяшчотная істотка. Ласкавы варкоцік гэтак кілаграмаў на семдзесят пяць. Пагладзіць мякенькай лапэткай – здзярэ скальп аж да таго самага месца, якім думаюць некаторыя чалавекі, ідучы на яго з голымі рукамі.

Севярын засмяяўся.

– Ого! Я і не думаў, што жанчыны здатныя на такое красамоўства.

– Дарэчы, можа хоча пан паглядзець на варкоціка ў натуры? Мо пан не верыць словам і хацеў бы памацаць? Ахвотна дам яму такую магчымасць. Зверык ужо колькі часу назірае за панам і толькі баіцца, як бы не парушыць салодкі сон пана раннім візітам.

Яна сунула Будрысу ў руку палявы бінокль.