Читать «Чазенія» онлайн - страница 45

Уладзімір Караткевіч

– У-унечка там. Будзьце ласкавыя ўбачыць. Вунь восып. А трохі вышэй і лявей – скала. Дык вось на ёй. Страшэнна зацікаўлены. Асабістая глыбокая зацікаўленасць жыццём і здароўем пана.

Будрыс убачыў. Не адразу, але ўбачыў. А калі ўбачыў – крэкнуў.

...Стаяў і глядзеў, здаецца, проста яму ў вочы велічэзны, увесь у вузлах мускулаў пад ільснянай скурай, гладкі і лянотна-грэблівы звер. Стаяў, як дасканалая статуя, і Севярын зразумеў, што Гражына не перабольшыла памераў коткі.

Плоскі, нібы спецыяльна для злоснай, жывёльнай думкі створаны, чэрап, нерухомыя ізумрудныя вочы, імклівай сілай налітае цела. Іржава-жоўты, вохрыста-аранжавы на баках і спіне, беласнежны на бруху магутны самец.

I на ўсім гэтым харастве, на ўсёй гэтай велікапышнасці – рэзкія чорныя плямы, радамі, як палосы ў тыгра. З бакоў, на лапах і на галаве – суцэльныя, буйныя або дробныя. На шыі, хвасце і спіне – вялізныя, кальцавыя.

– Праўда, пагладзіць хочацца? – пяшчотна і наіўна спытала жанчына. – Сімпатычныя такія разетачкі плямаў.

– Ух, чорт! Раскоша якая!

– Я не разумею гэтае раскошы. Не нападае на чалавека – і раптам напаў. Адчуўшы чалавека, уцякае, як ад смерці. На трыццаць крокаў да яго падкрасціся – рэдкае шчасце. I раптам – побач. I раптам... Я не ведаю, што гэта такое. I таму – баюся.

– Ну, даруйце, – прымірэнча сказаў мужчына. – Вы маеце рацыю. Я вам за гэта... Што я вам за гэта? Ага, вось...

Як быў у трусах, ён падскочыў і ўхапіўся за сук кедра. Падцягнуўся і кінуў цела яшчэ вышэй. I яшчэ і яшчэ. Як вавёрка.

– Куды вы?

– Кедр. Дрэва пазнання. Паколькі есці ягоныя плады тут таксама забаронена, я вам дастану вялікую галіну з шышкамі.

– Дзіця... Проста чорт ведае што... Яны ж, падаючы, абаб'юцца аб галіны.

– У мяне не абаб'юцца.

– Вар'ят, – ціха сказала яна.

А ён слізгаў вышэй і вышэй. I ўсё далей і далей было яму відаць. А пасля было так высока, што нават страшна. Метраў трыццаць ляцець да зямлі. I гнуцца, гнуцца галіны. А шышкі на самых іхніх канцах.

Ён аддзёр вялізны калматы сук з дзесяткам шышак, цяжкі, як камень, узяў яго ў зубы і асцярожна, часам прыціскаючыся да ствала, стаў спускацца.

Калі ён урэшце ступіў на зямлю – ногі трохі дрыжалі ад напружання. I ўсё, усё, ад грудзей і да ступакоў, было ў цёмных плямах жывіцы.

Падаў сваю ношу жанчыне:

– Вазьміце. Не трэба злавацца на мяне.

– Вар'ят, хлапчынка... Што ж цяпер рабіць? Бярыце газу, ідзіце на рэчку. Адмывайце смалу. Будзеце вось толькі сярод гэткага "добрарастварэння ваздухоў" газай смярдзець, як стары прымус.

– Нічога, – сказаў ён. – Ад мяне ў мінулым жыцці ўсяляк пахла. Праца такая.

– Ідзіце вы з гэтай працай. Мыйцеся, ды пойдзем расліны збіраць.

...Будрыс стаяў па пояс у вадзе, ужо адмыты, і слухаў, як яна кліча яго да вогнішча, снедаць.

Серабрылася раса, рэзка маляваліся ў неадчувальным паветры горы. Выдра непадалёку ад яго прачыкільгала да рэчкі, стралою ўвайшла ў крынічную ваду.

I над усім было панаванне зары, панаванне сонца, панаванне жыцця. I нават леапард быў гэтым жыццём.

I серабрыста, мілагучна варушыліся над вадой чазеніі. I нельга было не думаць, што, можа, яшчэ не ўсё страчана ў жыцці, што яно можа яшчэ павярнуць на лепшае, што ёсць на зямлі надзея...