Читать «Чазенія» онлайн - страница 48

Уладзімір Караткевіч

– Маўчыце, – сказала яна. – Маўчыце, калі ласка, дарагі.

Яны падышлі да вогнішча, і мужчына стаў ламаць лаўжы, калі жанчына прыгледзелася да чагосьці і ўскрыкнула.

– Што?

– След, – сказала яна.

На самым краі плешыны ад вогнішча выразна адпячатаўся ў попеле круглы, памерам з ліст гарлачыка, след кашэчай лапы. Звер ступіў сюды зусім нядаўна: след яшчэ курэў парай.

– Немагчыма. Гэта вар'ят. Як злы дух пасяліўся ў ім.

– Чаму?

– Разумееш, ён ступіў у гарачы попел... Гэта немагчыма! Такога не бывае ў свеце. Ніводны звер не пойдзе нават на пах чалавека, жалеза, дыму. Ён шалёны.

I адразу ж, нібы ў адказ на яе словы, з цемры вылецеў шалёны віск болю, рык, рыданні, лямант смяротна абражанай гіганцкай кошкі.

Замерла ўсё вакол. I ў гэтай дрыжачай ад жаху цішыні, на мяжы магчымага хрыпеў і рваўся вар'яцкі крык, у якім была, здавалася, уся абраза, уся журба і ўся помста свету.

– Я, здаецца, зараз заляплю яму, – праз зубы сказала жанчына.

– Нельга, – сказаў Будрыс. – Нельга страляць.

– I сапраўды, нельга, – сказала яна. – Але нельга і заставацца ля вогнішча. Ён, мабыць, апёкся. Ён чорт ведае што можа вытварыць цяпер. Бярыце сабаку. Заходзьце ў хату. Сёння вы будзеце тут.

– Бадай што на гэты раз вы маеце рацыю, – сказаў ён.

Яны ўвайшлі ў хатку. Ціха шуснула запалка, кінуўшы цьмяны адбітак на тонкія пальцы і ўстрывожанае аблічча жанчыны.

Загарэлася газавая лямпа, і стала трохі святлей. У сляпым хворым святле бялеў між бярвенняў сценкі мох. Добрую палову хаты займалі грубыя нары з аполкаў. На нарах ляжалі варахі сена, прыкрытага радном. Пад столлю цягнуліся паліцы з нейкімі бляшанкамі і скруткамі. Злева ад дзвярэй была чыгунная печка, на ёй – вядро з бульбай і чайнік. Справа, пад адзіным акном, – вышараваны стол і лава.

Між сталом і нарамі стаяла скрыня. Мабыць, для прыпасаў. Каб не забралася часам нейкае звяр'ё ды не пагаспадарыла. На стале ляжаў вельмі патрапаны, пульхны "журнал наведванняў". I больш не было нічога.

Будрыс кінуў на нары коўдру і плашч.

– Кладзіцеся. Я адвярнуся.

– Зачыніце мацней дзверы. Гэты разбойнік ходзіць вакол.

"Разбойнік" сапраўды хадзіў вакол хаты, кашляў і хрыпеў і часам пачынаў лямантаваць ад гневу і крыўды.

Амур як адразу кінуўся пад нары, так і не вылазіў адтуль. Глядзеў, як з крэпасці. Севярын моцна зашчапіў кручок, усунуў у ручку дзвярэй лату і сеў ля стала, спіною да нараў. Разгарнуў "журнал".

Надпісы былі ўсялякія. Ад сур'ёзных да жартоўных.

"Бачыў усурыйскага трубканоса на мяжы ліяннікаў". Подпіс. Дата.

"Маша, ты сітаўка. Не трасі ўвесь час хвастом". Дата. Подпіс нечытэльны.

За спіною Севярын чуў шолах сукенкі, слабае патрэскванне дошак, шамаценне сена.

"Заўважыў арэхавага лістаеда непадалёк ад другога кардона. Трэба брацца за справу, іначай не мінуць паўтарэння 1960 года".

"Цікава было б паглядзець, як адчувалі б сябе Вася і Алена, каб ім пашанцавала сесці на гняздо земляной асы".

"Дуб ты, Пятро".

"Знайшоў дравеснага рэліктавага таракана. Лічу, што жывародны. Прасачыць за раёнам на поўнач, ад Мёртвай крыніцы".

"Студэнты-практыканты, не крыўдзіце полазаў Шрэнка. Яны – удавы, а значыцца, сваякі вам".