Читать «Чазенія» онлайн - страница 38

Уладзімір Караткевіч

– Бачыце, якое дзіва можна на ім лавіць!

Матылі былі памерам у раскінутую далонь – сантыметраў на дваццаць. Вясёлкавыя, экзатычныя – ніколі чалавек не здолеў бы стварыць нічога падобнага.

– Ветразнік Маака, – сказала Тацяна. – А вось яшчэ. Гэта ксут. А гэтага тут называюць сінім махаонам. Які ён сіні?! Ён жа чорны махаон. Чорна-зялёны.

– А што... – сказаў Гражыне Севярын. – Дзіва!

– Хіба яшчэ такое дзіва бывае, як іх уначы лавіць, – чамусьці вельмі стрымана сказала Тацяна.

Будрыс заўважыў позірк, якім яна абмянялася з мужам, і зразумеў, што вось гэтым вельмі добра і што яны нізавошта на свеце не абмяняюць свайго вандроўнага лёсу. I яму стала трохі сумна.

...Яны не ведалі, што ім казаць адзін аднаму. I няёмкасць гэтая рабілася ўсё болыш неадольнай.

– Што вы бачылі сваім свежым вокам? – спытала дзяўчына.

– Амур нешта непакоіўся. I гэтыя... як іх... крумкачы, вароны... Ну, дзюбастыя такія... зграяй дрэва абселі.

– Японскія даўгадзюбыя. – Яна раптам устала. – Ах, як жа гэта вы? Якая нядбайнасць! Слепата!

Нібы ўзрадавалася, што можна нейкім дзеяннем разбіць няёмкасць.

– Дзяўчынка, – з перасцярогай сказала Тацяна, – не будзь зласлівай. Адкуль ён мог ведаць?

– У чым справа? – спытаў Севярын.

– Справа ў тьм, – сказаў Сакрат, – што там, непадалёк, нехта паміраў... або быў забіты. Вароны чакалі, пакуль памрэ.

– Чалавек? .

– Наўрад... Але хто ведае...

Севярын устаў, скінуў рукзак.

– Я павінен быў здагадацца. Прабачце. Я пайду туды.

I ўклаў патроны ў дубальтоўку. Пайшоў да рэчкі. Яму здалося, што Тацяна сказала нешта. Рэзкім тонам. Тонам, у якім пераважаў дакор. Яму было ўсё адно. Ён злаваўся на дзяўчыну, але найбольш злаваўся на сябе. Якога д'ябла яго панесла сюды! I гэтыя думаюць чорт ведае аб чым. I яна. Ды і што можна падумаць! Прыцёгся, ёлупень, галава дурная! Хіба магчыма загадзя ведаць, як зразумеюць твае ўчынкі людзі? Будуць яны верыць у чысціню тваіх намераў або не?

Ён ішоў і лаяў сам сябе, калі раптам убачыў, што Амур стаў і глядзіць назад...

...Гражына даганяла яго. Ішла сваёй размеранай, няспешнай, вельмі прыгожай хадою. На хаду ўвагнала ў стрэльбу патрон, зачыніла казённік, перакінула дубальтоўку цераз плячо.

– Нашто вы ідзяцё? – спытаў ён.

– Прабачце, я не мела рацыі.

– Маглі б і застацца. Карысці з вас і там будзе мала.

– Вельмі злуеце на мяне?

– На сябе.

– А вось гэта і дарэмна. Я... не злую на тое, што вы прыйшлі... Наадварот... Толькі нязручна было сказаць пры іх.

– Лепей бы вы сказалі пры іх, а мне пасля – што хочаце, чым выстаўляць мяне ідыётам.

– Я... не хацела гэтага, – у вачах цёплая пакора і пачуццё віны.

– Прыгожая вы наша! Нашто вам гэта? Будзьце вы добрая. Так гэта вам пасуе. А то – дзікая котка. Восем кілаграмаў сто пяцьдзесят грамаў.

– Даруйце мне. Ну, дайце ваш лоб, даўжэзны бамбіза.

Абяззброены, ён ішоў побач і бурчаў:

– Як нябожчыка... Узнагарода... "Я на подзвіг цябе праваджала".

Гражына смяялася, гледзячы на яго.

– Ну, мілы, добры, буркатлівы... Даруйце мне, калі ласка. Іначай памру ад згрызотаў сумлення.