Читать «Чазенія» онлайн - страница 40

Уладзімір Караткевіч

Севярын асцярожна вёў яе ад месца мярзотнага здарэння.

– Хатка... – сказала яна. – Элегія... Вось вам і элегія, Севярыне. Джунглі, а не элегія.

Ля хаткі нікога не было.

– Куды ж гэта яны падзеліся? – неўразуменна спытала яна. – Па матылёў пайшлі, ці што?

– А унь тое не яны пакінулі?

На дзвярах, прыколатая шыпамі араліі, бялела запіска.

"Добра, што ты не адна, – прачытала дзяўчына. – Цяпер здолееш аблавіць куды болей тэрыторыі. Мы з Тацянай пайшлі за ліяннік, да вытокаў Тыгравай. Узялі адзін камплект патрэбнага. Другі пакінулі табе. Просціны з рамамі – на гары. Рэфлектар і акумулятары ў хаце. Не забудзь, што для нашых крылатых п'янюг пастаўлены ў нетрах чатыры слоікі..."

– Што за п'янюгі?

– А для матылёў начных, – даволі злосна сказала яна. – Стаяць слоікі, а ў іх мёд, які перабрадзіў. Ну, і нешта накшталт кнота той мёд смокча. А з кнота смокчуць матылі, п'янеюць. I тады бяры іх голымі рукамі.

Яна чытала далей:

"Заадно папярэдзім і егера, хай прыйдзе паглядзець. Бывай здаровая. Не лянуйся дзеля дзядзькі Сакрата, працуй. Цалуем".

– Дзе гэта яны?

– А за ліяннікам. Вёрст за пяць. – У вачах у Гражыны быў нежартоўны гнеў. – Што за свінства! Пайсці, не папярэдзіць, кінуць. Узрадаваліся... Праца хутчэй пойдзе... Усё праца ды праца... Самае, бачыце, галоўнае. Праваліся праз зямлю чалавек – абы матылі яго каханыя засталіся. Вось плюну ды буду "Каралеву Марго" чытаць!..

– Чаму? – спытаў Севярын. – I сапраўды так карысней будзе. Вы тут будзеце лавіць, яны – там. Глядзіш – болей спаймаеце. А я вам памагу. Няма чаго вам злавацца, па-мойму.

Тон у яго быў разважлівы і спакойны. Дзяўчына скоса паглядзела на яго і ўжо спакайней сказала:

– Ой, горачка вы наша! Можа, вы і маеце рацыю. Ну, бярыце сваю вуду ды марш на Тыгравую! Здабывайце ежу для племя. Я тут прыбяруся трохі ды прыйду памагаць. Чарвякоў там накапаеце, пад купай смецця.

...Добра было стаяць на беразе, надзяваць чарвяка, закідаць вуду ў вадабойныя катлы. Добра было сачыць, як часам ідзе да вытокаў, бліскавічна імчыць у халоднай слязніцы вады вялізная сіма. У яе табунках адразу было відаць самцоў. Самцы былі ў шлюбным уборы: спіны ў іх пацямнелі і зрабіліся гарбатыя, бакі ўкрыліся малінавымі і цёмнымі палосамі, сківіцы пагрозліва выгнуліся.

Рыба брала добра. Кручок амаль ні разу не вярнуўся пусты. Калі Гражына падышла да рэчкі, у вядры плавала ўжо дзесяткі тры рыбак. Выцягнуўшы адну з вядра, яна прысела на кукішкі і пачала разглядаць яе.

– Мальма, – сказала яна. – Мясцовая стронга. Пагляньце, якое хараство!

Стронга была пяшчотна-бэзавая, з ярка-пунсовай палоскай на брушку, з такімі самымі плаўнікамі і хвастом, плямістая, з залатымі бліскаўкамі на спіне.

– А гэта што?

Рыбка была з чырванаватай стужкай на баках. Плаўнікі і хвост таксама чырвоныя. I ўся ўкрыта чарнаватымі плямамі, як леапард.