Читать «Чазенія» онлайн - страница 37

Уладзімір Караткевіч

I, як працяг даху, навес з кар'я: дрывотня, цяпер амаль пустая. Кар'ё знята з аксаміту амурскага, коркавага дрэва. Мякка звісае амаль да зямлі.

Побач з хаткай лава. На ёй – вядро, каструлі, бачок. Гэтыя, па ўсім відаць, заўсёды тут, для кожнага, хто трапіць сюды. Стаяць цурбанкі-крэслы. Чарнее плешына вогнішча, абкладзенага камянямі. Млее над хатаю светлы, лапчасты маньчжурскі арэх.

"Забрацца б сюды ўзімку. Прыпасаў набраць, свечак. Сядэець сярод снягоў, паліць печку. Працаваць, думаць, на лыжах хадзіць. I каб побач была тая, каго любіш. I каб нікога больш не бачыць са старых сяброў... нават шэфа..."

Але і зараз цудоўна. Ля сцен – сонечнае мора гіганцкай папараці, над дахам – зялёная светлая хмара арэхавай лістоты. Над ёй – піхты і цёмныя бальзамічныя кедры. А вышэй за ўсё – горы.

На цурбанках сядзелі два невядомыя, апранутыя па-таежнаму. Лысаваты смешны мужчына год пад сорак і жанчына сціплай, харошай прыгажосці, значна маладзейшая за яго.

– Во, Тацяна, – з бязмерньш здзіўленнем сказаў мужчына, – бач, Гражынка нашая дзікага хлопца ў тайзе спаймала. Вядзе.

– Па-мойму, гэта ён яе вядзе, – са светлай усмешкай сказала жанчына. – Пад руляй.

– Мядзведзь іх там ведае, хто каго вядзе...

Мужчына распраўляў матылёў, дастаючы іх з марылкі. Прыціскаў разгорнутыя крыльцы, нават не гледзячы, што робяць ягоныя рукі. Узняўся насустрач Будрысу.

– Сакрат. Ласкоўскі маё прозвішча. А гэта – мая чвэрць.

Тацяна ў параўнанні з волатам-мужам была сапраўды мініяцюрная. Стройненькая, танюткая – ён мог бы яе на далоні ўзняць.

Пазнаёміліся.

– Парахавы Севярын, – сказаў Сакрат. – Са стрэльбай. Мужныя рукі пахнуць травамі і порахам. Ото цяпер я за нашу дзяўчыну не баюся.

– Дзядзька Сакрат, – сказала Гражына, – ну як не сорамна!

– А што, хіба трэба баяцца? – са страшэнным здзіўленнем і наівам спытаў Сакрат.

– Баяцца не трэба, – з раптоўнай сухасцю сказала яна.

– Матылёвы Сакрат, – сказала Тацяна. – Кіньце, калі ласка, вашы кепікі. У вашага вялікага цёзкі жарты былі разумнейшыя.

– Ды я што? Я, можна сказаць, і нічога. Я – харошы...

– Ведаю, – вельмі проста сказала Тацяна.

Яна, відаць па ўсім, з першага позірку зразумела ўсё тое дзіўнае, што стаяла паміж маладымі людзьмі. Іхнюю звязанасць, няёмкасць і нават неразуменне таго, што з імі робіцца. Неразуменне другога і самога сябе.

– Сядайце, Севярын, – сказала Гражына, – зараз каву піць будзем. А пасля вы пойдзеце з Сакратам па матылёў. "Порхать средь кашки по лугам".

Голас быў абыякава-іранічны. I зноў Будрыс здзівіўся зменлівасці гэтай вельмі жаноцкай, малой істоты. Ён не чакаў іншай сустрэчы, і, аднак, усё гэта неяк непрыемна ўразіла яго.

– Цікавыя матылі? – глуха спытаў ён.

– Страшэнна цікавыя, – сказаў Сакрат. – Тут увогуле багата. Нават ёсць два віды індамалайскай фауны. Д'ябал іх ведае, як яны сюды забрылі!

– Ты б яму, Сакрат, яшчэ лекцыю прачытаў, – сказала Тацяна. – Яму не словамі дундзець, яму паказваць трэба. Вы аксаміт амурскі ведаеце? Унь ён.

Дрэва з ажурнай кронай стаяла непадалёк. З ажурнай кронай і мяккай нават на позірк карою ствала, сапраўды аксаміцістай, змаршчакаватай унізе, нібы напятай уверсе.