Читать «Чазенія» онлайн - страница 35

Уладзімір Караткевіч

Амур гучна хлябтаў з гэтых чаш: па глытку з кожнай. Не хацеў піць, але не мог адарвацца. Часам залазіў у чашу з лапамі і клаўся, хапаючы зубамі няўлоўны струмень.

Пасля Мёртвага ключа лес нават пахнуць пачаў па-іншаму. Свежым, але вострым, спіртавым, амаль нашатырным пахам.

– Восень ідзе... – сумна адзначыў Будрыс.

Аб восені сведчылі і шматлікія дуплянкі, і хаткі над сцежкай. Пранумараваныя, як дамы на вуліцы, і... пустыя.

"Так і ўяўляю іх сабе вясной. Галоўны праспект, фешэнебельныя кватэры... З кожнай – галовы выглядаюць, пляткараць, сварацца з суседкамі... Восень ідзе. Апусцелі".

За Мёртвай крыніцай (рэчка была сапраўды мёртвая, уся ў буйных круглых галышах, з адзіным струменьчыкам вады пад імі, але ў час залеў, мабыць, страшная) нешта цьмяна-непрыемнае ўпершыню штурханулася ў Севярынава сэрца...

...На высачэзнай піхце, трохі ўбаку і ўніз – сцежка тут караскалася на адхон, – сядзела вялізная калонія нейкіх цёмных, дзюбастых, падобных на крумкачоў птушак. Было іх, можа, з сотню. Натапыраныя, трывожныя, у нейкім напятым чаканні.

Севярын гукнуў на іх, толькі каб разбіць іхнюю цягучую, са злавесным адценнем, цішыню. Хмараю чорных крыжоў яны ўзняліся ў паветра з рэзкім характэрным крыкам, нешта накшталт "ког, ког!" або "кго, кго!".

Адляцелі недалёка і паселі зноў. Гэта былі японскія даўгадзюбыя вароны, але Будрыс не ведаў гэтага. Проста яму стала не па сабе ад нейкага прадчування. Толькі на палову імгнення не па сабе. Занадта ўжо добры, пяшчотны стаяў вакол дзень. Ён, можа, і забыўся б на гэта, каб не выбег раптам з нетраў Амур. Чынна, як паслухмяны хлопчык, пайшоў "ля нагі".

– Што, думаў, забыўся? – спытаў чалавек. – А хто быў згодзен, што малым хлопцам з пароды лаек нельга хадзіць за Мёртвы ключ? Га?

Амур глядзеў на яго залацістымі вачыма і віляў хвастом.

– Так у нас з табою не пойдзе. А калі цябе тут вароны задзяўбуць? Як тады гаспадару ў вочы глядзець буду? Дамоў... Ідзі, Амур.

Сабака пайшоў. Пайшоў, чапляючы лапа за лапу, штохвіліны аглядаючыся, няшчасны, быццам пабіты.

Сабака знік. Але не паспеў чалавек зрабіць і дваццаці крокаў, як Амур з'явіўся зноў, стралою кінуўся з нетраў да ног, амаль прыціснуўся да іх.

– Правы качаеш?

Густая поўсць на сабачым загрыўку стаяла дыбарам, па гладкім беласнежным целе прабягалі буйныя хвалі гневу, змешанага з чымсьці незразумелым, можа, са страхам. Праз вострыя белыя зубы прарываліся рыклівае клекатанне і хрып.

– Ты што? – Севярын глянуў у той бок, куды глядзеў сабака. Здалося яму ці не, што ў нетрах бліскавічна прамільгнуў доўгі, няпэўнага ў паўзмроку колеру, плямаваты ад сонечнай лістоты, цьмяны цень?

Ударыў барабан лесу.

IX. ЭЛЕГІЯ ПАЛЯЎНІЧАЙ ХАТКІ

Дно падзі ўвачавідкі павышалася. Мяняўся лес. Нешта ад тропікаў усё больш і больш паяўлялася ў ім. Высокія, амаль дрэвападобныя папараці, густыя, зялёныя завесы вінаграду, лімоннік з яго чырвонымі аскомнымі ягадамі, калючыя, з буйнымі шыпамі зараснікі маньчжурскай араліі. Вінаград сям-там пачынаў чырванець, і нібыта крывавыя струмені сплывалі з галін маньчжурскага арэха, дуба, жалезнай і даурскай бярозы.