Читать «Чазенія» онлайн - страница 33

Уладзімір Караткевіч

– То нашто стрэльба?

– Ужо некалькі тыдняў робіцца дзіўнае... Яшчэ адзін з'явіўся... Як дурны нейкі. Некалькі замахаў на быдла ля самай базы... А звычайна яны толькі ў вярхоўях Тыгравай ходзяць, паху жылля, як агню, баяцца. Так што вы сцеражыцеся. Удзень – не нападзе. Уначы – не адыходзьце ад агню. Чорт яго ведае, што яму ў дурную галаву стукне! Чужы. Мо з хрыбтоў прыйшоў, мо з Кітая. Непалоханы. Знахабіўся. Галодны, мабыць.

Устаў:

– Добра, хлопча, ідзіце. Разбярэцеся?

– Разбяруся. Дзякуй за ўсё.

– Прабачце, што не вяду. Працы столькі – сплю па дзве гадзіны.

– Ну і я не малы, каб мяне за ручку весці.

Яны паціснулі адзін аднаму рукі. Пасля Севярын выйшаў з хаты і пакрочыў да Тыгравай. Рукзак і стрэльба прыемна ціснулі на плечы. Часам меладычна бразгалі ў кішэні патроны.

VIII. САНАТА ТАЙГІ (СКЕРЦА)

Ля гэтай глухой сцежкі ўвесь час цягнулася нейкая калючая дрэнь. Зробіш некалькі крокаў – і штаны пакрываюцца крупінкамі зялёнага, цупкага насення. Спачатку Севярын праз кожныя колькі там метраў спыняўся і абтрасаў іх (адвальваліся яны лёгка), але потым яму гэта абрыдла, і далей ён ішоў ужо так. Порткі да каленяў былі нібыта ў зялёнай брані. Цяпер яму было ясна, чаму гэтае паскудства толькі ля сцежак. Людзі разносяць на вопратцы. Ён паспрабаваў, ці прыстане насенне да сарочкі. Не, ліпнула толькі да сукна. Значыцца, першапачатковы разлік гэтага пустазелля быў на поўсць жывёлы.

Тайга пераклікалася сумнаватымі і рэдкімі птушынымі галасамі. Птушкам няма чаго было спяваць: набліжалася восень. Дзіўна было шмат чаго не ведаць у лесе. Чалавек ішоў і пазнаваў толькі асобныя дрэвы: цэльналістую піхту, граб, карэйскі кедр, маньчжурскі арэх.

Больш за ўсё было лістоўных лясоў. I прыемна было ісці пад іхняй сакавітай, начыста вымытай дажджом лістотай.

Уся зямля ў зялёным паўзмроку была асыпана сонечнымі плямамі. Як плямістая шкура ізюбра.

I ўвесь час побач мармытала, балбатала, легкадумна смяялася Тыгравая. Сплятала свой голас з галасамі тайгі.

Пазнаваў ён таксама ліпы, дзікія вішні і грушы, язмін і бэз, які рос тут вялікімі дрэвамі. I добра было ўяўляць, якое ж тут дзіва робіцца вясной, калі ўсё гэта цвіце.

"I сапраўды, застацца б тут. Гражыну ўгаварыць застацца. З Дзянісавым на паляванне хадзіць..."

Ён ведаў, што гэта толькі мара, казка на некалькі дзён, што выйсця яму няма. Ён любіў сваю безвыходнасць. Абы галава стала здаровая. Абы не гэтыя кашмары па начах.

Найбольш уразіла яго адно дзіўнае дрэва. Цэлымі гаямі яно сустракалася на берагах ручаін, цераз якія ён ішоў бярвеннямі, а то і проста скачучы па камянях, і па беразе Тыгравай. Пальмавай стройнасці, з пышным султанам драбналістых галін недзе ўверсе, яно сонечна шумела над вадой. Вельмі падобнае на эўкаліпт, тугое як струна, яно расло... на камянях. Так, на жвіры і абкатаных буйных галышах. Часам на высокіх, метры ў два, валах з гэтых галышоў, валах, нанесеных калісьці Тыгравай.

Севярын ведаў, што ў такіх умовах ніводнае дрэва расці не будзе. А гэтае расло, немаведама адкуль чэрпаючы сокі на тое, каб выгнаць у неба ствалы такой вышыні і прыгажосці. I Севярын са здзіўленнем зразумеў, што гэта не эўкаліпт, а нейкая своеасаблівая вярба.