Читать «Чазенія» онлайн - страница 26

Уладзімір Караткевіч

Сцежка пачала аддаляцца ад яго, успаўзла на скалы, і сандалі пачалі спяваць іначай.

Клік-кляк, клік-кляк...

Ствалы ільмаў і кедраў ляжалі над патокамі. Дзіўна было ісці лесам, дзе большасць дрэў – твае незнаёмыя, дзе толькі па малюнках, па ўспамінах аб прачытаных кнігах здагадваешся, хто ёсць хто.

"Здароў, братка, ты, здаецца, маньчжурскі арэх. Унь, вісяць і пэцкаюцца, як грэцкія. А ты хто? Ты лімоннік. А твае лісты падобны на лісты жэньшэня, але ты не тое. Цябе тут, як лапухоў. Як казала Гражына? Элеутэракок?"

Плача струменямі скала ля сцежкі. Добра прыпасці ротам, да вады. Поўзаюць па камені багоўкі. Чырвоныя, сінія, жоўтыя. Буйныя, з пазногаць вялікага пальца. У іх на спінках візэрункі, і адразу робіцца ясна, адкуль нанайцы ўзялі свой нацыянальны арнамент.

Злева пад галавакружнай стромай – мора. Тырчаць з яго, нібы алоўкі, кeкуры – гранітныя рыфы. Нячутна кіпіць вакол іх прыбой.

А вунь наводдаль – дзве кропкі. Гэта пакінутыя ім сейнеры.

Клік-кляк, клік-кляк...

Спяваюць сандалі. У сырых падзях раскінулася папараць вайя. Куст падобен на вялізную, у метр вышынёй, зялёную лілею. Вайя дрэмле пад мармытанне вады ў вечным цяні старажытных таполяў.

Якія тоўстыя! Метраў пяць у акружнасці. Якія высокія! Метраў трыццаць у вышыню.

Лётаюць аранжава-жоўтыя кітайскія івалгі. Вялікія. Большыя за голуба. Якая шумлівая цішыня!

...Севярыну пашанцавала. Ледзь паспеў выйсці на добра-такі заржавелыя рэйкі вузкакалейкі – з'явілася дрызіна. Спынілася.

Ехалі трох. Мабыць, рамонтныя рабочыя.

– Куды?

– У Тыгравую.

– Заолаг, ці што? Ходзіце вы ўсё, хлопцы, ходзіце. Работка не дай божа. Па мне, дык лепей кувалдай махаць. I без стрэльбы... А раптам мядзведзь ці яшчэ нешта?

– Не кажы. Яны слова ведаюць, заолагі, – сказаў другі.

Свістаў над дрызінаю вецер. Бы ў калейдаскопе – разгледзець не паспееш – беглі, мяняліся скалы, сопкі, дрэвы.

Калі дрызіна спынілася, адзін з работнікаў раптам палез у патыліцу.

– А можа, не варта яго адпускаць?

– Чаму? – спытаў той, хто вёў.

– Нетры.

– Глупства. Заолагі, яны прывычныя. Не зблукае. Унь, хлопча, пойдзеш напрасткі. Там будзе закінуты "вугольнік" вузкакалейкі. Компас ёсць?

– Унь, – Будрыс паказаў на сонца.

– То ад "вугольніка" на паўночны захад. Толькі так.

Дрызіна памчала. Будрыс пастаяў трохі і заглыбіўся ў зараснікі.

Зялёны цень. Бягучае святло. Шолах лістоты. Глухі рытм сандаляў.

VI. ВЯЧЭРНЯЯ ПЕСНЯ КЕДРА

Сонца пачынала хіліцца да захаду. Доўгія чорныя цені ствалоў ляглі на малахіт лістоты. У твар веяла добрым трапяткім халадком.

Севярын думаў ужо, што ідзе не той дарогай, калі сцежка вывела яго да слупа з прыбітай таблічкай. На таблічцы быў надпіс: "Мяжа".

Трохі прыбадзёрыўшыся, Будрыс паскорыў крок. Часам нібы лёгкі ўздых прабягаў вяршынямі кедраў – водгук брызу.

Хвоя кедраў цямнела, таемна шумела ў залацістай і блакітнай вышыні. Сцежка пайшла з хрыбта ўніз, на дно вялізнай падзі.

Над галавою ў Будрыса, аранжавая ў прамянях захаду, высілася голая Янтунлаза. З хрыбта, на якім ён стаяў, імкнуліся на дно падзі шматлікія ручаіны, рачулкі, крыніцы. З другога, далёкага хрыбта таксама цягнуліся срэбныя ніці. I ўсе яны зліваліся на дне даліны з невялічкай хуткай рэчкай.