Читать «Чазенія» онлайн - страница 28

Уладзімір Караткевіч

– Дык вось... яе на пасёлку няма.

Сэрца ўпала.

– З'ехала?

– Не. Яна ў паляўнічай хатцы. Гэта кіламетраў дваццаць уверх па плыні Тыгравай. Матылёў ловіць.

– Я чамусьці думаў, што яна батанік.

– Яна ва ўсім знаецца. – I дырэктар зноў пахваліў: – Сур'ёзная дзяўчына. А матылі – хобі. Папрасіў наш Ласкоўскі памагчы яму. У яго з жонкаю рук не хапае. Вось яны ўтрох там і сядзяць. Так што давядзецца вам пераначаваць тут.

Пайшоў на кухню, корпаўся там нешта. Пасля з'явіўся з рукзаком і стрэльбай.

– Баюся, здамся вам негасцінным гаспадаром. Але жонка з дзецьмі з'ехала. Адзін. У хаце – шаром пакаці...

– Нічога, у мяне ёсць прыпасы.

– То хадзем адвяду вас на начлег.

Сутонне вісела над хаткамі, над тайгой.

– Я вас у доме нашых арнітолагаў пасялю. Можна б і ў мяне, але там зручней. Яны з'ехалі на Амур, бо там пералёт пачаўся ўжо. Будзеце адзін у вялікай хаце. Адпачнеце.

– Няёмка...

– Глупства. У нас тут – камуна.

Па дарозе да доміка яны не сустрэлі ніводнага чалавека. Пасёлак як вымер. Людзі разышліся па сваіх таежных справах ці, можа, спалі. Хата арнітолагаў была такая ж, як дырэктарская. ІІлот, гародчык, ганак, шчапяны дах. Толькі што неашаляваная веранда паменей, ды няма пуняў.

Дзянісаў запаліў святло і чартыхнуўся, зваліўшы цыліндрычную, зробленую з металічнай частай сеткі клетку. У клетцы нешта засычала.

– Гульню знайшлі. Тыгравую вужаку ў цюрагу пасадзілі. Дзяржаўны злачынец.

I дастаў з сеткі здаравенную змяюку, сантыметраў, мабыць, у 120 – 150 даўжынёю. Змяюка была ярка-зялёная, уся ў буйныя папярочныя палосы і плямы. На пярэдняй частцы тулава, па баках, былі раскіданы аранжава-чырвоныя плямы.

– Бачыце, які прыгажун. Спрытны. Хуткі. Разумнік. Трымайце.

Будрыса перасмыкнула ад агіды, але ён зразумеў: не возьмеш – можна страціць павагу ў гэтага дзіўнага чалавека.

– Толькі не сціскайце. Спакойна трымайце на далонях. Тады ён не кусаецца.

Севярын узяў. Сапраўды, нічога страшнага. Толькі непрыемны холад.

– Бачыце? – Дзянісаў узяў вужаку. – Прыгожы. Спрытны нават у вадзе. Рыбу ловіць. А вось мы цябе зараз пусцім. Жыві. Зімуй. Агульная амністыя.

– Вы і змей не баіцеся?

– А чаго іх баяцца. Не лезь, куды не трэба. Не наступай. Не хадзі босы. Хадзі асцярожна. Ніводная змяя цябе не ўкусіць. Калі яе не ганяць, то нават полаз Шрэнка можна перакладаць, каб фотагенічна ляжаў, ды здымаць. Ну, шчытаморднікаў сцеражыся. Ды і – чалавек вінаваты. Лезе проста на хвост, сляпак няшчасны. Не ўмее ў лесе, ломіцца. Як жа, пакарыцель прыроды! А трэба – ціха.

Зайшоў у пакой, выняў з шафы просціны, коўдру, падушку, кінуў на тахту.

– Адпачывайце. I лепей не расчыняйце акон. Матылі спаць не дадуць. Ну, і іншыя могуць быць абуджэнні... Часам непрыемныя.

Палез у рукзак, дастаў палову кеты, загорнутую ў газету, чэрствы хлеб, нейкае цёмнае вяленае мяса, слоік з чырвонай ікрой і пачатую бутэльку каньяку.

– Каб не думалі, што скупеча. Сапраўды, бабы ў доме няма, то тут вам будзе лепей. Раскашней. А я позна вярнуся, разбуджу. Выпіў бы з вамі, ды мне на сустрэчу з адным сябрам трэба. Баюся, што тая сустрэча для яго кепска скончыцца.