Читать «Чазенія» онлайн - страница 25

Уладзімір Караткевіч

Пагоня расчаравана паляцела ў мора. Сініца пырхнула з рубкі і села на гняздо.

...На захадзе сталі на якар.

– Унь там Тыгравая, – сказаў Няпіпіва. – Сёння табе на бераг высаджвацца – дурная справа. Ноч хутка. А заўтра – з сонцам...

– Не хацелася б.

– А начной тайгі хочаш? Адсюль да бухты кіламетры тры. Там вузкакалейка. Можа пашанцуе захапіць дрызіну. Вёрст восем, а там – хрыбет. Бачыш, залаціцца над морам. I адтуль – налева цераз горы. Звярынымі сцежкамі. Унь, бачыш, пальчык?

Праз лясістую шкуру хрыбта, нібы прадзёршы яе, сапраўды тырчала нешта падобнае на палец. I гэткае ж малое.

– У гэтым "малым" метраў дзвесце. Гэта Янтун-лаза – Скэля Пячнога Коміну. Вось ад яе ўбачыш запаведнік. Ну, як?

– Пачакаю. Сапраўды далекавата.

– Тады мы будзем сейнеру манікюр наводзіць, а ты ідзі да кандзея. Вучыся.

Вучыцца было цікавей, чым драіць палубу. Паклалі ў кацёл чатырох крабаў і ахапак ракаў і шрымсаў, хаця карыстацца катлом для кулінарных мэтаў не рэкамендавалася. Пасля кандзей пачаў гатаваць "цярпуг а ля Няпіпіва". Адразаў галовы з самай тоўстай часткай загорбка, трымаў іх у марской вадзе, пасля клаў на жалезку – галава прасунута ў галаву. Дадаваў перац, трохі вады, трохі тлушчу (астатняе пусцяць самі) і ставіў у духоўку.

Гадзінай пазней усе сядзелі і ляжалі на палубе, чэрпалі з жалезкі густую карычневую падліву, вазілі лыжкамі, даставалі церпуговыя галовы, смакталі іх, пляваліся косткамі за борт, мачалі хлеб. Гарэлі мускулы ад працы, твары – ад сонца і солі. I ўсё было смачна – праглынеш язык.

Ламалі гарачыя клюшні крабаў, разгрызалі іх – з рызыкай раздзерці рот да вушэй, – вымалі адтуль тоўстыя валокны белага мяса.

Елі па-зверску. I радаваліся, што дзень прайшоў хораша, а заўтра зноў пройдзе добра. Сонечны, салёны, марскі.

I дагараў над імі, над сопкамі, залаты захад.

"Шкада, што нельга паказаць гэтага ёй,– думаў Будрыс. – Падзяліцца. Яна радавалася б... Было б тады зусім добра. А так, без яе... гэта ўсё ж няпоўнае шчасце".

V. ОДА ШЛЯХАМ I СТУКУ САНДАЛЯЎ

На беразе было зусім бязлюдна, ды ён і не спадзяваўся на тое, што яго нехта сустрэне.

Сейнер даў развітальны гудок, адыходзячы ад берага. Рэха закалацілася ў скалах, у сопках, не азораных яшчэ сонцам, у туманных лясах на схілах гор.

Чаравікі Севярын кінуў у рукзак. Абуў лёгкія сандалі і памахаў рукою наўздагон сейнеру. Рушыў берагам.

За сопкамі яшчэ стаяла імгла. Сонца толькі-толькі збіралася нарадзіцца. Мякка спружынілі пад нагамі бурыя сухія купы водарасцяў. Набягаў лёгкі прыбой: лакіраваныя, зялёна-карычневыя стужкі марской капусты нібыта млява мялі, нібыта лізалі ля ног сцежку – палоску ўкатанага цвёрдага пяску.

"Шш-шшш-ш..." – закалыхваў, дыхаў лёгкі прыбой. Празрыста-сіняя вада, карункавыя каробачкі марскіх вожыкаў, шкляныя плаўкі.

Паднялося сонца. Яшчэ нізкае. Мора штохвіліны мяняла колер: падаў на яго цень дрэў, скал, зноў прарываліся сонечныя прамяні. Было яно, як васьміног, то сіняватае, то злёгку ў чырвань, то ярка-зялёнае, то жаўтавата-шэрае. Але што далей, то болей перамагала, панавала ў ім глыбокая сінь.