Читать «Чазенія» онлайн - страница 23

Уладзімір Караткевіч

– Во, насмактаў, – засмяяўся Няпіпіва. – Адчувае, чорт, як мы яго ўвечары смачна есці будзем. .

– Гэтую дрэнь?!

– Гэтая дрэнь – самае смачнае ў моры.

Грукатала лябёдка, ляскала аб палубу мокрая сець. Вясёлая, падобная на шалёную гульню праца віравала на палубе. I вось невядома з чыёй глоткі ўзнікла хрыпатая, радасная, хмельная песня:

Цягні, падцягівай на стрэлку,

Цягні, падцягвай на гарэлку.

Спружынілі мокрыя медныя спіны. На руках і тварах зіхацелі кроплі вады. Звінела, калацілася ў сеці, спявала рыба. I шлёпаў, напінаўся, нібы таксама хацеў падпяваць, ды не хапала голасу, зменліва-вясёлкавы васьміног.

"Божа, – падумаў Будрыс, – як гэта было б добра, каб я мог паказаць гэта ёй! Якое было б шчасце – стаяць тут, на палубе, між сінім небам і аквамарынавым морам! Які дзівосны свет!"

Пад вадою ўрэшце ўзнік жамчужна-блакітны вялізны куль, падцягнуўся бліжэй да борта, ускінуўся ва ўсплёсках вады і рыбіных хвастоў, павіснуў над морам.

Паасобныя рыбы вырываліся, падалі ў ваду, ляжалі некаторы час, як прыгаломшаныя, а пасля знікалі ў прадонні. Рыўком.

Маціцова-сіні і серабрысты, памерам з добры пакой, куль навіс над палубай. Як велізарнае вінаграднае грона.

Падскочыў рыбак, адным рыўком расшнураваў яму дно і кінуўся прэч, каб не задавіла.

I на палубу лінуў шматтонны рыбаспад: вастрамордыя сінія мінтаі, камбала, марскі акунь, цярпуг, велізарная траска, бычкі...

Паліўся, затапіў усё, расплыўся, затрапятаў.

Зноў завялі сець, зноў пачалі скарадзіць мора. Капітан сунуў Будрысу ў рукі кій, у якім перпендыкулярна тырчаў востры доўгі цвік.

– Багарэц, – сказаў Няпіпіва. – Голай рукой не папрацуеш. Чапляй цвіком і кідай. Бач, хлопцы засекі з дошак зрабілі. У той – мінтая, у той – камбалу. Крабаў – у той, ля спардэка.

Севярын пачаў працаваць. Цяжэй за ўсё было з камбалой. Яна дрэнна зрывалася з цвіка. Даводзілася біць правай рукой, што трымала багарэц, аб перадплечча левай. Сарваная сілай інерцыі, камбала ляцела і, як блін, плюхалася ў патрэбны засек.

Спачатку было цяжка, але потым ён навастрыўся.

Мінтай – камбала – цярпуг. Камбала – бычок – мінтай. Лясь-лясь-плёх! Траска – мінтай. А ты хто?

Такое пытанне даводзілася задаваць сабе часта. Вось нейкі дзіўны бычок з пузам, падобным на вялізны шар.

– Дырэктар цырка, – усміхнуўся кандзей2.

Чырвоныя марскія сабакі страшна зявалі шчакастым, тоўстым, грыбазвонным ротам – аж шкада было. Шчокі былі пальцы ў тры.

Вясёлка калацілася пад нагамі ("Вось бы ёй убачыць!"): даўгамордыя марскія лісіцы, нейкія малінавыя падводныя яйкі (і не зразумець, жывёліна ці расліна; ударыш багарцом – знутры струменем б'е вада), зялёныя марскія ракі, махнатыя шрымсы.

I яшчэ марскія пеўнікі з плаўнікамі, бы ў акуня, але вясёлкавымі і дужа доўгімі.

Кандзей трымаў аднаго...

– Мы ў дзяцінстве абклеім іхнія плаўнікі паперай, пачакаем, пакуль высахнуць, і такія яны прыгожыя ў нас вакол лямпы ці на акне вісяць. Вось я табе пакажу, як гэта робіцца. Дзяўчыне адвязеш.