Читать «Чазенія» онлайн - страница 22

Уладзімір Караткевіч

I гэтыя ўкраінцы, беларусы, рускія не кідалі слоў ка вецер, ажывілі гэты кінуты, "бросавы", пустошны край, набудавалі ў ім гарадоў, вёсак, заводаў, правялі чыгункі, угрызліся ў скалы руднікамі, спусцілі ў мора караблі і, аднак, у першапачатковай чысціні збераглі свае мовы. Часам больш чыстыя, чым нават на радзіме.

Сваімі рукамі стварылі сабе новую радзіму. I нікуды з яе не пойдуць. Пабраталіся з карэннымі жыхарамі, удэ, нанайцамі, тазамі; як кедры, пусцілі карані ў гэтую зямлю. I не далі яе ў крыўду нікому. I не дадуць.

– Недзе ў другой палове дня будзем ля Тыгравай, – сказаў Няпіпіва. – Чаго цябе туды нясе?

– Справы.

– Дывысь, як далэко справы кыдаюць людыну. Аж з Білорусі!

– Нічога не зробіш.

Мора было ўжо зусім сіняе, але лёгкая гайданка ўсё ж калыхала сейнер, калі пачалі спускаць сець. На сейнеры-напарніку падабралі другі яе канец, расцягнулі і пайшлі паралельным курсам, нібы скародзячы і працэджваючы мора.

– Што мне рабіць? – спытаў у капітана Будрыс.

– Цяпер з гадзіну нічога. А після воны свій кінец сеці перададуць нам, і тут – трымайся... Сартаваць хіба рыбу будзеш.

– А як жа ім?

– А ў наступны раз іхні будзе ўлоў. Мы ім канец перадамо. I вось так, чаргуючыся... Так што, разабраўшыся з рыбай, можна і пад'есці, і ў шахы згуляць, і падрамаць.

– Курорт...

– Ну... Каб тут був курорт, то всі дармоіды тут булы б. Усіх класаў і нацый. Добра, што мора спакойнае сёння, вось і курорт...

Севярын ледзь не згарэў з сораму.

Праз гадзіну напарнік падышоў да сейнера борт у борт. Кінулі канец. Замацавалі абодва канцы разам. З грукатам пачала працаваць лябёдка.

Адчуваючы сваю непрыстасаванасць і нікчэмнасць, Будрыс сачыў, як паўзе пад вадою змяя сеці, як яна ўспаўзае на борт і цягнецца ўгору, як, выцягнуўшы чарговую порцыю сеці, схопліваюць яе пятлёй з каната і трымаюць кручкамі за гэтую пятлю і адпускаюць лябёдку, і мокрая, вытраўленая сець цяжка грукаецца на палубу. А крук лябёдкі чапляюць за новую пятлю, і сець зноў паўзе ўгору.

Яшчэ захоп. Яшчэ. Яшчэ. З усім, што ёсць. З рэдкімі пакуль рыбамі, з пачварнымі павукападобнымі крабамі, з аранжава-жоўтымі студзяністымі васьміногамі (шчупальцы прасунуліся ў ячэі і звіваюцца ў паветры).

– Тэхніка на грані фантастыкі... – сказаў Няпіпіва. – Ведаеш, як васьміногаў карэйцы лавілі? Заўважаюць месца, дзе ён у скэлі сыдыць, ныраюць па доўгай лаце. Адзін дражніць. Другі чакае. А воно мыролюбнэ. Ось раз ныраюць, другі, трэці. Ну, чалавечага нахабства ўрэшце і васьміног не вытрымлівае. Нападае. I як толькі абаўе чалавека ўсімі васьмю, другі кідаецца і наносіць васьміногу "пацалунак смерці". Пракусвае зубамі паветраны мяшок. Прысоскі адразу адпадаюць. Шчупальцы віснуць. Тут бяры яго, раба, за шкірку і вынырвай.

Адзін вялікі васьміног неяк выблытаўся з сеці і ўпаў ля Будрысавых ног. Глядзеў вялікімі вачыма, варушыўся, мяняючы колер, то ўцягваў, то зноў выпускаў папугайскую дзюбу.

– Дакраніся падэшвай. Да галавы.

Будрыс дакрануўся. Вокамгненна шчупальцы абвілі нагу, прыліпнулі.

– Не варушыся.

Праз некаторы час васьміног, зразумеўшы, што няма чаго трымацца чортведама за што, калі справа ідзе аб скуры, адпусціў нагу, зноў заварушыўся, закішэў. Севярын закасаў калашыну і ўбачыў на назе рады цёмных плямаў.