Читать «З"яўленне містэра Кіна» онлайн - страница 4

Агата Кристи

Ён падняўся і шчодрай рукой наліў сабе чарговую порцыю віскі.

“З ім штосьці не так, — сам сабе сказаў містэр Сатэртуэйт, — штосьці зусім не так. Хацеў бы я ведаць, у чым тут рэч”.

— Нічога сабе! — усклікнуў Конвэй. — Паслухайце, як вые вецер! Ну і ночка!

— Добры час для прывідаў! — з бесклапотным смехам сказаў Портал. — У пекле, відаць, не засталося ніводнага д’ябла!

— Калі верыць лэдзі Лоры, то нават самы чорны сярод іх можа прынесці нам удачу, — смеючыся, адзначыў Конвэй. — Але што гэта?

Вецер выдаў чарговую жудасную руладу, і калі яна змоўкла, хтосьці тройчы пагрукаў у замкнёныя дзверы.

Мужчыны ўскочылі.

— І хто гэта можа быць у такую ноч? — усклікнуў Іўшэм.

Усё здзіўлена пераглянуліся.

— Я адчыню, — сказаў Іўшэм, — слугі даўно пайшлі спаць.

Ён рашуча прайшоў да дзвярэй, трохі паваждаўся з цяжкім замком і ўрэшце адамкнуў. У пакой уварваўся ледзяны парыў ветру.

У дзвярным праёме вымалёўваўся высокі стройны сілуэт. Праз незвычайную гульню святла, якое падала праз вітражнае акенца над дзвярыма, містэру Сатэртуэйту падалося, што госць апрануты ў касцюм усіх колераў вясёлкі. Але калі ён увайшоў, то аказаўся худым брунэтам у дарожным касцюме.

— Я шчыра выбачаюся за сваё ўварванне, — пачаў незнаёмы роўным прыемным голасам, — але ў мяне зламалася машына. Нічога сур’ёзнага, мой шафёр сам усё наладзіць, але на гэта сыдзе дзесьці паўгадзіны, а на дварэ такі жахлівы холад…

Тут ён замоўк, і Іўшэм адразу ж падтрымаў яго.

— Так і ёсць! Дык заходзьце і выпіце з намі. Ці можам мы як-небудзь дапамагчы з машынай?

— Не, дзякуй. Шафёр ведае сваю справу. Дарэчы, мяне завуць Кін — Арле Кін.

— Сядайце, містэр Кін, — запрасіў Іўшэм. — Сэр Рычард Конвэй, містэр Сатэртуэйт. А мяне завуць Іўшэм.

Містэр Кін павітаў прысутных і ўпаў у крэсла, гасцінна падсунутае Іўшэмам. У гэты момант на твар госця лёг цень, і ў святле каміна здалося, што на ім маска. Іўшэм падкінуў дроваў у агонь.

— Вам наліць?

— Дзякуй.

Іўшэм перадаў яму віскі і спытаў:

— Вы добра ведаеце гэтыя мясціны, містэр Кін?

— Быў тут пару гадоў таму.

— Праўда?

— Канечне. Тады гэты дом належаў джэнтльмену на імя Кейпл.

— Усё правільна, — сказаў Іўшэм. — Бедны Дэрэк Кейпл. Вы яго ведалі?

— Ведаў.

Пасля гэтага паводзіны Іўшэма ледзь адчувальна змяніліся — але той, хто не вывучаў ангельскага характару, ніколі б гэтага не заўважыў. Калі спачатку гаспадар трымаўся досыць стрымана, то цяпер ад гэтага не засталося і следу. Містэр Кін ведаў Дэрэка Кейпла, ён быў сябрам сябра, а значыць, варты поўнага даверу.

— Неверагодная была гісторыя, — шчыра сказаў Іўшэм. — Мы тут акурат яе абмяркоўвалі. Мушу прызнацца, што, купіўшы гэты дом, я пайшоў супраць сябе самога. Але разумееце, нам больш нічога не заставалася. Я быў тут той ноччу, калі ён застрэліўся, і Конвэй таксама, і я, шчыра кажучы, увесь час баюся, што ў доме з’явіцца прывід.

— Так, справа невытлумачальная, — марудна і разважліва прамовіў містэр Кін і змоўк з выглядам актора, які толькі што выдаў вельмі важную рэпліку.

— Можаце называць яе невытлумачальнай, — умяшаўся Конвэй, — але я б сказаў, што яна была і назаўсёды застанецца змрочнай таямніцай.