Читать «З"яўленне містэра Кіна» онлайн - страница 3

Агата Кристи

— Вось мы і сустрэлі Новы год, — адзначыла яна, гледзячы на місіс Портал. — І што вы, мая дарагая, пра гэта думаеце?

Элеанор Портал тут жа ўскочыла на ногі і легкаважна адказала:

— Спаць і толькі спаць!

“Яна зусім збляднела, — падумалася містэру Сатэртуэйту, і ён таксама падняўся, каб заняцца падсвечнікам. — Раней яна не была такой бледнай”.

Ён запаліў свечку і перадаў яе місіс Портал з забаўным і трошкі старамодным паклонам. Падзякаваўшы, яна ўзяла свечку і пачала марудна падымацца наверх.

Раптам у містэра Сатэртуэйта з’явілася вельмі дзіўнае жаданне — пайсці за ёй і ў чымсьці пераўпэўніць. Яго не адпускала незразумелае адчуванне, што ёй пагражае нейкая небяспека. Але жаданне знікла, і містэру Сатэртуэйту зрабілася сорамна. Ён разнерваваўся. Падымаючыся сходамі, яна не зважала на мужа, але цяпер нечакана павярнула галаву і паглядзела на яго доўгім запытальным позіркам. У ім была такая сіла, што містэр Сатэртуйэт адчуў сябе ніякавата.

Ён заўважыў, што жадае гаспадыні добрай ночы з некаторай трывожнасцю.

— Спадзяюся, Новы год і праўда будзе шчаслівым, — сказала лэдзі Лора, — але мне здаецца, што палітычная сітуацыя не абяцае нават найменшай пэўнасці.

— Цалкам з вамі згодны, — сур’ёзна кіўнуў містэр Сатэртуэйт, — цалкам згодны.

— Застаецца спадзявацца, — тым самым тонам працягнула лэдзі Лора, — што першы наш госць будзе з цёмнымі валасамі. Вы ж ведаеце гэтую прыкмету, містэр Сатэртуэйт? Не? Вы мяне здзіўляеце. Калі першы, хто ў новым годзе пераступіць парог, будзе брунэтам, ён прынясе дому шчасце. Божа, спадзяюся, у маім ложку не будзе чагосьці ўжо вельмі жахлівага! Дзецям нельга давяраць — з іх энергія так і б’е.

Пахітаўшы галавой, поўнай кепскіх прадчуванняў, лэдзі Лора велічна паплыла ўверх па лесвіцы.

Пасля сыходу жанчынаў крэслы пасунуліся бліжэй да адкрытага каміна, у якім палалі дровы.

— А цяпер кажыце, колькі каму, — гасцінна скамандаваў Іўшэм, паказваючы прысутным на графін з віскі. Калі кожны выказаўся, размова вярнулася да забароненай раней тэмы.

— Вы ж ведалі Дэрэка Кейпла, містэр Сатэртуэйт? — пацікавіўся Конвэй.

— Трохі ведаў.

— А вы, Портал?

— Ніколі з ім не сустракаўся.

Адказ містэра Портала прагучаў так рэзка і злосна, што містэр Сатэртуэйт здзіўлена зірнуў на яго.

— Цярпець не магу, калі Лора пачынае гэтую тэму, — ціха сказаў Іўшэм. — Як вы ведаеце, пасля трагедыі гэты дом купіў адзін вялікі фабрыкант, а праз год з’ехаў — штосьці яму тут не спадабалася. Потым пра дом хадзіла мноства бязглуздых чутак — што тут водзяцца прывіды і ўсё такое, — і таму месца займела кепскую рэпутацыю. І калі Лора ўпэўніла мяне высоўвацца ад Заходняга Кідлбі, яна, канечне ж, планавала пасяліцца ў гэтым раёне, а знайсці прыстойнае жытло было нялёгка. Ройстан патаннеў — вось я і набыў яго. Усе гэтыя прывіды — звычайная лухта, але ўсё адно не надта прыемна жыць у доме, дзе ўсё нагадвае пра твайго старога сябра, які застрэліўся. Бедны Дэрэк — мы так і не даведаліся, чаму ён гэта зрабіў.

— Ён першы і не апошні, хто застрэліўся невядома праз што, — змучана прамовіў Алекс Портал.