Читать «З"яўленне містэра Кіна» онлайн - страница 5
Агата Кристи
— Хто ведае, — унікліва прамовіў містэр Кін. — Выбачайце, сэр Рычард, што вы сказалі?
— Гісторыя проста неверагодная, вось я пра што. Уявіце чалавека ў росквіце жыцця, вясёлага, бесклапотнага, бестрывожнага. З ім — пяць ці шэсць старых сяброў. За вячэрай ён у цудоўным настроі, поўны планаў на будучыню. А потым ён падымаецца ў свой пакой, дастае з шуфляды рэвальвер і страляецца. Чаму? Ніхто не ведае. Ніхто ніколі не даведаецца.
— Вы так упэўнены, сэр Рычард? — з усмешкай спытаў містэр Кін.
Конвэй зірнуў на госця.
— Што вы хочаце сказаць? Нічога не разумею.
— Ну, калі загадку не разгадалі дагэтуль, гэта не значыць, што яе не разгадаюць ніколі.
— Ат, што вы кажаце… Калі нічога не высветлілася тады, што можа высветліцца цяпер, праз дзесяць гадоў?
Містэр Кін мякка пахітаў галавой.
— Не магу з вамі пагадзіцца. Супраць такога сцверджання паўстае ўвесь досвед вывучэння гісторыі. Сучаснікі ніколі не раскажуць пра падзеі сённяшняга дня так праўдзіва, як гісторык можа апісаць былыя эпохі. Уся справа ў перспектыве, у магчымасці ацаніць сапраўдную значнасць рэчаў. У пэўным сэнсе гэта, калі хочаце, пытанне адноснасці.
Алекс Портал пасунуўся наперад, і твар яго пакутліва таргануўся.
— Маеце рацыю, містэр Кін! — усклікнуў ён. — Час не здымае пытанняў, а толькі дазваляе ўбачыць іх у іншым святле.
Іўшэм паблажліва ўсміхнуўся.
— Містэр Кін, вы хочаце сказаць, што калі б мы, напрыклад, цяпер заняліся расследаваннем абставінаў смерці Дэрэка Кейпла, то маглі б знайсці разгадку з не меншай імавернасцю, чым тады?
— І нават з большай, містэр Іўшэм. Людзі часта забываюць пра эмоцыі і помняць толькі самі факты, не спрабуючы іх неяк трактаваць.
Іўшэм недаверліва нахмурыўся.
— Але, безумоўна, патрэбны якісьці пункт адліку, — роўным і прыемным голасам сказаў містэр Кін. — Звычайна гэта нейкая версія, і я ўпэўнены, што ў кагосьці з прысутных яна ёсць. Як наконт вас, сэр Рычард?
Цяпер задуменна нахмурыўся Конвэй.
— Увогуле ёсць, — нібы просячы прабачэння, сказаў ён. — Мы думалі… канечне ж, усе мы думалі, што тут замяшаная жанчына. Звычайна ж рэч альбо ў ёй, альбо ў грашах, праўда? Але з грашыма ўсё было ў парадку. Ніякіх такіх праблемаў. Таму што яшчэ застаецца?
Містэр Сатэртуэйт скалануўся. Ён падаўся трошкі ўперад, каб дадаць сваю заўвагу, але раптам заўважыў зверху, на галерэі, жанчыну, што прыхілілася да балюстрады. Прыціснуўшыся да парэнчаў, яна была схаваная ад усіх, апроч містэра Сатэртуэйта, і, відавочна, напружана прыслухоўвалася да таго, што дзеецца ўнізе. Яна стаяла так нерухома, што містэр Сатэртуэйт ледзь верыў вачам. Але сукенка са старадаўнімі парчовымі ўзорамі не пакідала сумневаў: гэта была Элеанор Портал.
Раптам усе падзеі гэтай ночы пачалі складвацца ў адну карціну — прыезд містэра Кіна быў не выпадковасцю, а з’яўленнем на сцэне новага актора пасля таго, як прагучала патрэбная рэпліка. Сёння вечарам у вялікай гасцёўні Ройстана гралася драма — не менш рэальная ад таго, што адзін з яе актораў даўно памёр. Так, у Дэрэка Кейпла таксама была свая роля. Містэр Сатэртуэйт быў у гэтым упэўнены.