Читать «З"яўленне містэра Кіна» онлайн - страница 11

Агата Кристи

Портал адкінуўся ў крэсле, схаваўшы рукамі твар.

Кін павярнуўся да Сатэртуэйта.

— Да пабачэння, містэр Сатэртуэйт. Вы ж цікавіцеся драмамі?

Здзіўлены містэр Сатэртуэйт кіўнуў.

— Хачу звярнуць вашую ўвагу на арлекінаду*. Сёння гэты жанр памірае, але ён варты ўвагі, магу вас упэўніць. Яго сімвалічнасць цяжка ўхапіць, аднак вы ж ведаеце, што несмяротнае заўсёды застаецца несмяротным. Усім добрай ночы.

* Арлекінада — камедыя, у якой галоўную ролю грае Арлекін, персанаж італьянскай камедыі дэль артэ.

Яны ўбачылі, як госць выйшаў у цемру. І, як раней, вітражы ператварылі ягоны строй у касцюм камедыянта…

Містэр Сатэртуэйт падняўся наверх. У сваім пакоі ён падышоў да акна, каб завесіць яго, бо цягнула холадам. Сілуэт містэра Кіна набліжаўся да павароту, але тут з бакавых дзвярэй выслізнула жаночая фігура і кінулася за ім. Некалькі хвілінаў яны размаўлялі, потым яна вярнулася ў дом. Яна прайшла пад самым акном, і містэр Сатэртуэйт зноў быў уражаны жывасцю яе твару. Цяпер яна ішла як у шчаслівым сне.

— Элеанор!

Да яе выйшаў Алекс Портал.

— Элеанор, прабач мне… прабач… Ты казала праўду, але хай мне даруе Бог… я верыў не да канца…

Містэр Сатэртуэйт надзвычай цікавіўся чужымі справамі, але перадусім ён быў сапраўдным джэнтльменам, а таму палічыў сябе абавязаным зачыніць акно. Так ён і зрабіў.

Але зачыняў ён яго вельмі марудна. І таму чуў яе голас, прыўкрасны і непаўторны:

— Я ведала, ведала! Ты жыў у пекле. Я таксама калісьці жыла. Кахала — і пры гэтым то верыла, то падазравала, адкідвала ўсе сумневы, а яны здзекліва паўставалі зноў… Я ведала, Алекс, ведала… Але пекла бывае і жахлівейшае, і ў гэтым пекле жыла побач з табой я. Я бачыла твае сумневы, твае страхі, якія атручвалі нашае каханне. Той чалавек, наш выпадковы госць, уратаваў мяне. Бо я не магла больш гэтага трываць… Ведаеш… сёння ноччу… сёння ноччу я збіралася скончыць жыццё самагубствам… Алекс… Алекс…