Читать «Нераток» онлайн - страница 18

Неизвестно

Рукой сцяну мацаю, выбіраюся. Альгемоны хоць і марудныя, але адарвацца ад іх няпроста. ‘Ты адзін з іх! Ты разлічышся за ўсё!” - чуецца праз булькатанне вады. “Што я ў вас пазычаў, брыдоты каналізацыйныя?!” - у думках пярэчу. Аднак прынцыпова згодны: не яны нас крыўдзяць, а мы - іх.

Дагоняць, думаю, заваляць і ўвекавечаць замест харчу. Хоць які ім з мяне харч?! Мяне так проста не спажывеш.

Ужо і ключ выкінуў, за сценку рукой чапляюся. А яны, здаецца, не навальваюцца, а інтэлігентна так: “Лямбда табе, чалавечак!” Адчуваю, што і праўда - “лямбда”.

.Выпаўзаю на канец рада ўсё ж. Агледзеў падвал з тарца. А яны, лічы, паўсюль! Столь яшчэ не абляпілі, але і столь упрэла - значыцца, аблепяць! Прасочваюцца, як варожыя агенты ў нашыя тылы.

Ужо і адкрытыя дзверы бачу. А ў праёме хлопчык чатырохгадовы стаіць, ручкай махае і крычыць: “Т атка, ты дзе? Хадзі сюды!”

Які табе “татка”, дзіцё неразумнае? Уцякаць трэба з гэтага падвала, пакуль не позна! А ўпэўненасці, што не позна, няма.

Дабраўся я да дзвярэй, выпіхнуў хлопчыка на вуліцу, дзверы дошкай падпёр. Бабуля тая зноўку на мяне лаецца. Я ёй крычу: “Бяжы, старая, там - альгемоны!”

А яны з замочнай шчыліны паказваюцца і з усіх адтулін праціскваюцца. Ускінуў я хлопчыка на рукі: ён плача, я супакойваю. Бягу па тратуары, ногі чвякаюць у чобатах, якія абуў невядома калі. Хлюпотна пасля дажджу.

Гляджу, а яны і з суседняга падвала паўзуць.

І тут я зразумеў, што аварыя - ні пры чым: альгемоны ўзбунтаваліся, разбурылі нашы каналізацыйныя і воданапорныя канструкцыі ды пруць на горад. І ўцягваў гэты цякучы кісель каменьчыкі-пясчынкі і неяк нехлямяжа і ляніва іх ад сябе адкідваў, бы адплёўваў. І ведаю, што каб гэта днём адбывалася ці вільгаці меней на вуліцы было, то яны б і не высунуліся. І не сумняваюся, што ненадоўга хопіць імпэту гэтых стварэнняў мутадыйн^іх, і нічога яны людзям зрабіць не змогуць!

Але гэта - людзям. А мне з хлопчыкам?

І паўзлі па вільготнай траве і мокрым асфальце, аблеплівалі скаты аўтамабіляў, лаўкі і парэнчы пад’ездаў паўстанцы водных сетак, як бы даказвалі, што маюць права на больш годнае жыццё, і патрабавалі ад людзей рэалізацыі гэтага права.

Я ведаў, што світанак знішчыць іх, але да світанку было яшчэ так далёка! Я бег з хлопчыкам на руках, падскокваў і абыходзіў альгемонаў. Я хаваў сваю трывогу і стараўся супакоіць малога. А паўпразрыстыя, паўметровыя паўсферы, беспанцырныя слімакі, бязногія медузы выпаўзалі з будынкаў у наш бок, акружалі, але і пакідалі нейкае месца для наступнага кроку. Я паўтараў хлопчыку, што трэба выбрацца за горад, а там яны нас не дастануць. Хлопчык перастаў плакаць, нават пагладзіў мяне ручкай па галаве. І толькі час ад часу паўтараў: “Хачу дадому, хачу спаць!” “Добра-добра, маленькі, пацярпі, хутка-хутка!”