Читать «Нераток» онлайн - страница 16

Неизвестно

Карацей, у тым, што альгемоны існуюць, я ніколі і не сумняваўся. Я яшчэ шчыглом-падшыванцам быў, калі мне дзядзька Міша, наш дваровы сантэхнік, пра іх расказваў. Праўда, п’яненькі ён звычайна быў. Але п’яныя часцей праўду кажуць, чым маняць. Інакш чаму ў яго слёзы цяклі?

Паступаў я пазней ва універсітэт на біяфак, каб пасля з альгемонамі дзе-небудзь у лабараторыі інстытуга біялогіі разабрацца. З профільнымі дысцыплінамі - поўныя лады, але на дыктоўках правальваўся: у школе не давучылі, а ў самога здольнасці не ў той сферы знаходзяцца. Таксама Прырода не так падзяліла, што зробіш! Пасля другой спробы паступлення адслужыў на мяжы з суседняй дзяржавай, вярнуўся і, каб дзе прымасціцца, у сантэхнікі падаўся. У арміі, скажу вам, таксама з цікавымі з’явамі сутыкнуцца давялося! Але не пра тое размова.

Ці сустракаўся я з альгемонамі да таго выпадку, аб якім расказваю? Зразумела! Мы, сантэхнікі, бачым іх часцей, чым лётчыкі - талеркі ў небе. Неяк і сфатаграфаваць спрабаваў. Але бяда, дый годзе: на святло не вылазяць, а фотаўспышка робіць іх празрыстымі. Каму пакажаш фотку, на якой нейкая бясформенная пляма з кропкамі-крапінкамі? Ды яшчэ з каментарыем, што, яно, маўляў, з той трубы-саракоўкі выпаўзла, сцяклося ў адзінае цэлае, а потым ператварылася ў бруднаватае жэле .

З памерамі - таксама пытанні: у тым выглядзе, у якім я іх сустракаў, ім і схавацца няма дзе! Ну, можа, у якой цёплай лужыне. А як яны адчуваюць сябе ў нашых сістэмах? Можна толькі меркаваць, што не надта ўтульна.

Т рэба сказаць, прыходзіў неяк да мяне журналіст, фотакарткі забраў, размову са мной на дыктафон запісаў. А што такога асаблівага я мог паведаміць, калі і сам, як той вожык у тумане?

Прынёс ён пазней газетку “Сенсацыя і будзённасць” з артыкулам “На грані невядомага і незразумелага”. А я такую газету не сустракаў ні да таго, ні пасля. Ды яшчэ літарку ў прозвішчы маім пераблытаў, пісака.

Ну, а зараз пра той выпадак, калі дасталі мяне альгемоны канкрэтна.

Сяджу сабе, за вокнамі - цёмна, позняй вячэрай і тэлемаразмам забаўляюся. Звоніць жэсаўская начальніца Лара Пятроўна: “Хуценька ў падвал трыццаць дзевятага дома, між другім і трэцім пад’ездамі! Прарвала трубу! Людзей залье - не разлічымся! Ты ж мяне ніколі не падстаўляў! Звышурочныя аплачу!”

“А як жа, аплаціш ты, курва! Як тым разам: запарка была - сястрыцы роднай віншаванне з саракагоддзем не паслаў, а ты мяне дзеля паказухі перад камісіяй за неахайную форму ўзгрэла! А сама спяцоўкі апошні раз у тым годзе выдавала, хоць у калдагаворы напісана, што кожны квартал належыць!”

Што і казаць! Карыстаецца Мамка маёй нераўнадушнасцю да агульнай справы. Аварыйная брыгада дзяжурства сваё пачала, хутчэй за ўсё, з “пяцідзесяці кропель”. І зараз, напэўна, з чатырох чалавек там у лепшым выпадку паўтара засталося.