Читать «Нераток» онлайн - страница 17
Неизвестно
Ну, я ногі - у рукі, камбез - на плечы, чамаданчык - у адну руку, ключык- “троечку’ - у другую. На вуліцы - дожджык.
Т рыццаць дзевяты - побач зусім.
Падыходжу да падвала. Нейкая бабулька, відаць, наўмысна чакала: абклала мацюкамі з ног да галавы і службу маю, і начальства маё, і мяне асабіста. Халера з ёй, справа звыклая!
Спусціўся ў падвал, а там ужо байцы з аварыйнай “дзейнічаюць”: адзін шукае ключ ад вентыльнай у сваёй цывільнай куртцы, якую прыхапкам ускінуў замест рабочай і ў якой той ключ ад роду не начаваў. У мяне ключ, зразумела, ёсць, але што перакрываць - няўцям пакуль.
Другі бухнуўся ў ваду, поўзае ракам і кліча на дапамогу японскага бога, бо свой з агідай ад яго, азызлага, адвярнуўся. Трэці з прыступак крычыць невядома каму: “Усё на хрэн перакрывай, пасля разбяромся!” А яшчэ адзін, калі і з’явіўся на “пяцьдзесят кропель”, то, напэўна, кроплі гэтыя даканалі яго непасрэдна ў дзяжурцы.
Вады ў падвале - па калена. Ну, грамадзяне, кранты! Што вы тут назапасілі: бульба, морква, тапінамбур, цыбуля, капуста - усё ляснецца!
Добра, што не гарачую прарвала. Гарачая - заўсёды дрэнна: і ўлетку, і ўзімку. Улетку - абварыць, зімой - што абмачыцца на марозе: спачатку цёпла і прыемна, а пасля - так прыхопіць, скакаць будзеш! Але і ад халоднай вялікай радасці няма. Нават зараз, у ліпені, - дзесяць градусаў, каб яе! З-пад зямлі ўсё ж.
Сцягнуў я боты, падвярнуў калашыны і пайшоў аглядаць: адкуль, значыцца, лье.
Прайшоўся па найбліжэйшым радзе - здаецца, не тут, па сярэднім - і не тут. Выйшаў на апошні, самы цёмны - адзіная лямпачка-пятнаццатка у канцы паблісквае. Адчуваю, што вада пацяплела. І тут я альгемонаў па-сапраўднаму ўбачыў!
Якое там “убачыў” - адчуў! Пачалі яны мае босыя ногі аблепліваць і ціхутка так усёй масай студзяністай па іх узбірацца. Здалося, нават нешта гаварылі, але бязгучна. Нібы наракалі на нешта, скардзіліся, пратэставалі. А я ўжо да цемры прызвычаіўся і мог добра разгледзець іх вочы. Як бы сказаць? Якія ў студзеню могуць быць вочы? Такія ж вадкія, расплывістыя, як і ўсё астатняе, але з выразам крыўды. Ну якія ў слізкай кучы могуць быць вочы?! Кроплі нейкія. Але ўсё ж - расплывістыя.
Што рабіць? Скідваю я з сябе альгемонаў і “трэцім нумарам” глушу. А іх хоць на ашмоцце размалаці: кожная частка асобна жыве. Хоць здрабні да крошкі - зноўку сцякуцца ў адзіны аб’ём, як мурашы. Ці базар, скажам. Паасобку - арганізмы, а разам, тым больш, - цывілізацыя. Ужо ўбачыў я трубу, з якой яны перлі, а дабрацца да вентыля, каб перакрыць, немагчыма - вязнуць ногі, бы ў смале!
А яны мне як бы гавораць: “Згінеш, чалавечак, уцякай!”
Коратка і зразумела. Дзякуй і за тое .
А ну вас к чорту на рогі! Кінуў я свой чамаданчык, толькі ключ у руцэ трымаю - і назад падаўся. І на самай справе неяк менш шчэмяць. Але набліжаюцца, гоняць! З трубы пратаплазма, бленда іхняя, сочыцца, праціскваецца. І вада несупынна цурчыць. А альгемоны ўжо не толькі ваду акупіравалі: паўзуць па трубах, сценах, за столь чапляюцца. Адзін па размеркавальнай каробцы расцёкся, замкнуў сабой усю тую электратрахімудыю, успыхнуў - і згусткамі ў ваду сцёк. Некалькі сталых альгемонаў загінуўшыя яго кавалкі ўцягнулі ў сябе і самі акругліліся, насыціўшыся. Як бы памяць героя ўвекавечылі. Зусім цёмна стала пасля гэтай успышкі. А колькі, здавалася, той лямпачкі-пятнаццаткі!