Читать «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» онлайн - страница 18

Уладзімір Караткевіч

Калі яшчэ дадаць, што з прыадчыненых дзвярэй катоўні вырывалася і скакала па скляпеннях і нярвюрах зарыва, што адтуль часам выглядаў кат, — перад намі будзе поўная карціна таго, што адбывалася ў суднай зале тым летнім днём.

Цыпрыян Лотр сядзеў сёння як старэйшы на месцы старшыні суда. Няўхвальна паглядаў, як фіскал* Ян Камар дрэмле, нахмурыўшы грозныя бровы. Што за дрэнны звычай спаць на ўсіх прэніях?! «Бярэ» занадта чалавек. І спіць мала ўначы. Але ж вось не дрэмле Басяцкі за сваім асобным, адвакацкім столікам. Шамаціць сувоямі паперы і пергаментнымі аркушамі, з-пад аксаміцістага чорнага капюшона глядзяць жывыя вочы.

* Абвінаваўца.

Гэты не дрэмле, хаця таксама не спіць начамі, хай сабе зусім з другой прычыны, чым Камар. Па-першае, тайныя справы (доўга ім яшчэ быць тайнымі, хай не спадзяецца, і добра, калі год праз восемдзесят можна будзе ўзняць забрала і адкрыта назваць дамініканскую капліцу езуіцкай, якой яна, фактычна, вось-вось будзе, або, ні на каго не зважаючы, узвесці вялізны новы касцёл*); па-другое, думы аб тым, як, акрамя невялічкай сваёй дамініканскай школкі, прыбраць у рукі, хай сабе і непрыкметна, парафіяльную ды царкоўную школы. Па-трэцяе, іншыя начныя справы. Гэта ён тут толькі адвакат, а вось што ён па начах у сутарэннях дамініканскай капліцы?!

* Новы езуіцкі касцёл сапраўды быў скончаны толькі каля сярэдзіны ХVІІ ст.

Кардынал устаў:

— Імем маці нашае, рымскае царквы, вінавацяцца сёння ў страшных злачынствах супраць Бога і чалавецтва гэныя брыдкія адроддзі пекла, зграя сатаны… Прынясіце схопленых.

Карніла прынёс з бакавой нішы і паставіў на стол клетку з мышамі. Сярод цікаўных завішчала нейкая пані. Пачаўся Божы суд.

— Хай палохаюцца падсудныя суда Божага. — Кардынал нават сам адчуваў, як сыходзіць высакародствам ягонае аблічча. — Я, нунцый яго свяцейшаства папы…

Ён гаварыў і гаварыў, з асалодаю адчуваючы, як лёгка плыве мова, як тонка, зусім не па-кухоннаму гучыць залатая лаціна, як грацыёзна рухаюцца пальцы па краях скруткаў.

— …іспісаўшы правіны іхнія, перадаю стырно суда фіскалу. Прачытайце абвінавачванне, фіскал.

— Га? — толькі тут прачнуўшыся, спытаў Камар.

— Вазьміце на сябе шчыт веры, брат мой, каб адбіць усе распаленыя стрэлы крывадушніка.

Біскуп устаў, міргаючы не толькі вачыма, але і цяжкімі бровамі, пашукаў пачатак прамовы сярод аркушаў, не знайшоў. І раптам ірвануўся адразу на крык, нібы з берага ў кіпецень.

— Шалберы, махляры, ерэтыкі ў сатанінскім юрадзействе і зладзействе сваім, аб'елі яны нашу квітнеючую краіну, — біскупавы пальцы, бы ў латы, закутыя ў золата, хрызапразы, смарагды і бірузу, торкалі ў клетку. — Гноем павінныя гадавацца — хлеба яны ўсхацелі.