Читать «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» онлайн - страница 280
Уладзімір Караткевіч
— Сам ведаю, — сумна сказаў Фама. — А добра было б — задрамаць не задрамаць, а хаця б лыч уткнуць.
— Ну, — сказаў Іуда, — то ў чым, я пытаюся, цяжкасць?
— Грошы, — сказаў Хрыстос. — Не разумееш?
— Вуй, дурныя галовы, — сказаў Іуда. — І не ведаюць нічога! А трыццаць срэбнікаў, што я ў Мацея адабраў?
— Няўжо адабраў? — ахнуў Вястун.
— А нягож, — сказаў Іуда. — Тады, як вы мяне з чаўна вынімалі. Памятаеце, адстаў я?
Вус і Кляонік з Маркам зарагаталі ўтрапёна. Смяяліся, стоячы ўбаку і абняўшыся, Фаўстына з Анеяй.
— І, па-мойму, няма чаго нам думаць. І, па-мойму, Хрыстос, нам з табою зараз самая справа іх разам прапіць.
— А я? — спытаў Фама.
— Ну і табе трохі дамо, — сказаў Іуда. — Усім трохі дамо. Хіба я кажу, што мы не дамо?
Хрыстос, рагочучы, узяў дзве амаль паўвядзёрныя біклагі і аплеценую лазой суляю. Падаў іх Іуду:
— Тады лупі. — Ён зірнуў на сонца. — Яшчэ паспееш. Гэта сапраўды самы нечаканы канец гісторыі: прапіць разам трыццаць срэбнікаў.
Падхапіўшы біклагі і бутлю, цыбаты Іуда, як жораў, лупянуў па ворыве.
…Вус надзеў на шыю Юрасю сявеньку.
— Ідзі першы, — сказаў ён.
Хрыстос, смеючыся, праводзіў Іуду вачыма. Пасля пераступіў цераз паваленае страхлелае распяцце і стаў на мяжы ворыва.
Прыладзіўся, пайшоў, працуючы адной рукой. Раўнамерна, са свістам, у такт крокам правай нагі, разляталася насенне. І Вус падумаў, што на тым месцы, дзе так працуюць, абавязкова ўзыдзе раўнюткая, сіне-зялёная, а з самага пачатку чырванаватая, рунь.
Хрыстос азірнуўся. За ім ішлі, паловай жураўлінага ключа, астатнія. Фама сеяў дзвюма рукамі і высалапіў Хрысту язык: «Ведай шляхту!»
І тады Хрыстос прымерыўся і таксама пачаў працаваць дзвюма. Шырока, роўна клалася ў раллю зерне.
Іуда ўжо знік. Неапалімыя купіны дрэў стаялі на ўзгорках. Сумавала вакол капліцы шыпшына. А сейбіты падымаліся на вяршыню круглага пагорка, як на вяршыню зямнога шара. І першым ішоў насустрач нізкаму сонцу Хрыстос, мерна размахваючы рукамі. І, гатовае да новага жыцця, падала зерне ў цёплую, мяккую зямлю.
Выйшаў сейбіт сеяць на нівы свая.