Читать «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» онлайн - страница 17

Уладзімір Караткевіч

* Нярвюра — выпуклае рабро звода, ягоны каркас.

Суддзі сядзелі на ўзвышэнні, ля самага ўваходу ў катоўню, за сталом, што быў завалены скруткамі паперы, фаліянтамі спраў, пер'ямі. Акрамя Басяцкага, Камара і Лотра, сёння, як на ўсіх працэсах, што былі царкоўнымі па юрысдыкцыі, але датычыліся ўсяго горада, сядзелі ў суднай зале войт горада Цыкмун Жаба, шырокі брухам, грудзьмі і ўсім іншым магнат, апрануты ў залататканую чугу і з пячаткаю неверагоднай тупасці і такога ж неверагоднага самаўзвышэння на твары; бурмістр горада Юстын, якога ўжо трэці год выбіралі на гадавы тэрмін: мяшчане — таму, што быў адносна справядлівы, купцы — таму, што быў багаты, а царква хаця і не выбірала, але не пярэчыла, бо толькі яны адны ведалі, колькі ўсяго рознага ўдалося ім і магнацтву выдраць ад Юстына, рады і горада за гэтыя тры гады.

Сядзеў, акрамя іх, схізмат (дармо, што Гародня тады была пераважна праваслаўнай), правялебны Рыгор Гародзенскі, а ў міры Гіляр Балвановіч, а для непачцівых і цяпер проста Грынь. Рыхлы, сонны, з маленькімі мядзведжымі вочкамі. Адны толькі гараджане ведалі, што, калі даводзіцца разбараняць у бойках гарадскія канцы, гэтая млявасць правялебнага можа цалкам нечакана, як у кракадзіла, перайсці ў бліскавічныя хуткасць і спрыт.

Акрамя іх, было яшчэ некалькі духоўных за судзейскім сталом, а ў другім канцы залы вяшчальнікі, якія за пачаткам суда выйдуць за муры і абвесцяць аб усім гораду, і дзесяткі тры цікаўных са шляхты і іхніх кабет.

Ды яшчэ ля сцен стаяла варта, а сярод іх вызначаліся двое: паўсотнік Пархвер, сапраўдны гігант у сажань і шэсць дзюймаў ростам і адпаведны ў плячах і грудзях, і сотнік Карніла, змрочнага выгляду, нізкалобы і каржакаваты, як корч, воін.

На Пархвера на вулках глядзеў натоўп. У Кракаве па ім вар'яцелі прыдворныя разбэшчаныя жонкі, таму што быў ён не проста хваравіты гігант, якога і вецер пераломіць, а сапраўдны, прапарцыянальна складзены волат, першы на кані, першы на мячах, першы за сталом, з рукамі, таўшчынёю, як сярэдні чалавек у поясе, вагою трохі цяжкаваты. І прытым не бык. Твар спакойны, вочы вялікія і сінія, нават з задумлівасцю, валасы залатыя. Чорт яго ведае, як яго такога ўмудрыліся выпусціць на свет?!

Карніла здаваўся перад ім проста малым, хаця быў сярэдняга росту. Чырвоны, трохі больш грузны, чым трэба, падстрыжаны пад гаршчок, падобны ў сваіх латах на самавар — нічога асаблівага. Млелі па ім пры двары, дзе ён таксама бываў у войтавай свіце, куды меней. І ўсё ж, хаця жанчыны і тут рабілі палітыку ў большай ступені, чым гэтага хацелі і чым аб гэтым думалі мужчыны, Карніла ішоў да вайсковай верхнасці хутчэй за ўсіх. І ўсе ведалі: менавіта яму дадуць тысячніка, калі з выпадку вайны трохі павялічыцца гародзенскае войска. Таму што Карніла вызначаўся дзіўнай, амаль нечалавечай спраўнасцю, вернасцю і дысцыплінай, а ў Пархвера, хаця і разумнейшы быў, здараліся прыпадкі ярасці, гневу і баявой лютасці, такой, калі чалавек ужо не зважае ні на што: ні на ворага, ні на сваіх начальнікаў.