Читать «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» онлайн - страница 16

Уладзімір Караткевіч

Рыбнік сплюнуў пахмельную сліну.

— Што гэта там дурань пра суд крычаў?

— Судзяць сёння сіх-тых у замку царкоўным судом.

— Што, можа, тых, што псоту пускалі? Ад каго голад?

— Голад — ад Бога.

З самага заканчэння пабудовы Старога Замка суд часцей за ўсё засядаў у вялікай суднай зале. У малой зале замкавы суд збіраўся толькі на асабліва патаемныя працэсы. Аддавалі вялікую залу і царкоўнаму суду, калі гэты апошні не баяўся вынесці смецця са сваёй хаты. Тайныя ж допыты ён праводзіў звычайна ў сутарэннях дамініканскай капліцы, калі судзілі католікі. А калі судзілі праваслаўныя, то ў падземнай турме ля трохкупальнай Ганны або ў адным з мітрапалічных дамоў — камяніц тых, што ля Каложы*.

* «Трохкупальная Ганна» і «Каложа» — цэрквы ў Гародні.

Сёння дастаслаўны сінедрыён поседам сядзеў у вялікай суднай. Адпачыўшы пасля палявання, добра такі выпіўшы напярэдадні (а Лотр яшчэ і разгавеўшыся), айцы непасрэдна прыступілі да важлівай справы, дзеля якой жылі ў гэтай зямной юдолі і насілі мантыі і расы рознага колеру, у залежнасці ад таго, як каму пашанцавала.

Зала была, уласна, верхняй паловай усходняга нефа*. Замкавы палац быў пабудаваны ў выглядзе базілікі, як царква, і меў шэсць нефаў, з якіх сярэдні быў толькі трохі вышэйшы за астатнія. Да яго прылягала па два бакавых нефы з кожнага боку і адзін папярочны, трансэпт. Сярэдні неф быў ва ўсю вышыню будынка і служыў залай для тронных прыёмаў. У трансэпце былі пакоі вялікага князя, а потым караля і іхніх двароў, цяпер даволі запушчаныя. Бакавыя і папярочны нефы былі пасля паходу Вітаўта на Пскоў** падзелены на два паверхі. У ніжнім паверсе заходняга нефа жыла варта, у другім — прывілеяваныя воіны. Другі заходні неф служыў жыллём для замкавых жыхароў, і там былі скарбніца і падземны ход за Гараднічанку. У першым, усходнім нефе, на абодвух паверхах, былі жытло для шаноўных гасцей і вялізная дварцовая капліца. І, урэшце, у першым паверсе крайняга ўсходняга нефа былі цямніцы для радавітых і склады зброі.

* Неф (або карабель) — выцягнутая ў даўжыню, прамакутная частка будынка.

** 1405 г.

На другім паверсе большую частку памяшкання займала вялікая судная зала (малая была ў трансэпце, пад бокам у караля), а меншую, аддзеленую ад яе пры Вітаўце ж мурам у тры цагліны, — катоўня. З катоўні скрыты ход у сцяне вёў праз усе паверхі пад зямлю, дзе былі сутарэнні для вязняў, а яшчэ глыбей каменныя мяхі, у якіх губляўся назаўсёды след чалавечы і адкуль за стагоддзе з лішнім не выйшаў, здаецца, ніхто, нават на могілкі. Аб іхніх жыхарах проста забывалі і, калі спушчаны ўніз гарлач з вадою праз тры дні поўны вяртаўся назад — закрывалі дзірку ў столі мяшка каменем, бы запячатвалі збан з віном, а праз паўгода, калі пераставала смярдзець, спускалі туды ж на вяроўцы новага вязня. З-за таго, што судная зала была ў верхняй частцы нефа, вострыя гатычныя скляпенні з пукатымі рэбрамі нярвюраў* віселі ледзь не над самай галавою, папярочна-паласатыя, у чырвоную і белую палосы. Вузкія, як шчыліны, верхнія часткі вокан былі ля самай падлогі, і таму святло падала на твары членаў суда ненатуральна, асвятляючы толькі ніжнюю частку падбароддзя, там, дзе яно пераходзіць у шыю, лапік пад ніжняй губой, ноздры і верхнюю частку верхніх павек з бровамі. Насы кідалі шырокую паласу ценю на лоб, непрасвяцімая цемра ляжала ў вачніцах, і твары суддзяў здаваліся таму злавеснымі, незвычайнымі, такімі, якіх не бывае ў людзей.