Читать «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» онлайн - страница 20

Уладзімір Караткевіч

— Яны прызналіся ў раскраданні хлеба. Чаму вучылі мяне ў такіх выпадках у Саламанскім універсітэце? Вучылі таму, што галоўнае ў суднай справе — прызнанне абвінавачанага ці абвінавачанай. Нават калі іншых доказаў няма — яно сведчыць аб жаданні жывой істоты быць чыстым перад Богам і царквою. Тут мы, на шчасце, маем досыць доказаў. — Хітрая, разумная, чымсьці нават прыемная ўсмешка зноў прабегла па вуснах патаемнага езуіта. — Маем мы і прызнанне. Значыцца, пераконваць у неабходнасці прызнання нікога не даводзіцца, і кніга праўды, якую запаветалі нам найчысцейшыя дбайнікі веры Шпрэнгер і Інстыторыс*, сёння застанецца закрытай.

* «Молат ведзьмаў» — ізуверская сярэдневяковая кніга аб ведаўстве і сродках, якімі можна вырваць у ведзьмаў прызнанне.

— Разгарніце яе! Разгарніце! — залямантавала нейкая жанчына на лавах.

— Я ведаю яе на памяць, — сказаў дамініканец. — І я не задумваўся б ужыць яе, каб для гэтага былі прычыны. Пакаранне мы знойдзем і без «Молата ведзьмаў». Помніце, яны прызналіся… Зрэшты, паколькі справа аб хлебе датычыцца перш за ўсё не сыноў царквы, якія дбаюць больш аб хлебе духоўным, а міран — я хачу спытаць, што думае аб гэтым славуты сваім найвенкшым багаццем, розумам і сілай, ды яшчэ і адукацыяй, магнат, ілюстрысіме Цыкмун Жаба.

Жаба перабіраў тоўстымі пальцамі вясёлкавы шалевы пояс, які ляжаў у яго не на жываце, а пад грудзьмі. Тлустыя касіцы чорных валасоў падалі на вочы. Адкашляўся. Твар стаў такі, што хаця б і Карлу Вялікаму па паважнасці, толькі што дурны, як свіная левая шынка.

— Свядомасць — важная справа. То бок прытомнасць… Тфу… прызнанне. Прызнанне — гэта… уга!… Памятаю, выпівалі мы… Прызналіся яны тады… Зноў жа, і хто кажа, што ведае, гаворыць праўду, а словы лжэсведкі — падман. Мужыкі мае сведчылі: аб'елі іх мышы, а…

Жаба тужыўся, нараджаючы ісціну.

— …гэта… vox populi vox… гэта… Як бо гэта ў калегіюме казалі… ну, arbiter elegantiarum…* Памятаю, закусвалі мы…

* Бессэнсоўны набор лацінскіх слоў: «Голас народа — голас… арбітра элегантнасці» (прыгожае).

— Скажыце пра мышэй і збожжа.

— Збожжа трэплюць: водзяць па ім малатарныя колы з канямі іхнімі. І гэта адбываецца ад Пана Бога. Вялікая прамудрасць ягоная.

— Дзякуй.

Басяцкі ўбачыў, што Лотру — хоць праз зямлю праваліся. Добра яму, а што б рабіў ён, каб даводзілася жыць побач з такім?

Войт не проста ідыёт, а ідыёт дзейны, ды яшчэ і п'яны і ўпэўнены ў сваіх велічы і розуме. Крыўдуе, калі хоць па самаму дробнаму пытанню не спытаюць ягонай думкі. А ён — войт, значыць, ад караля. Ён гаспадар горада. Ён багаты, як халера, і моцны, як чума. «У яго войска, і паглядзеў бы я, як ты, кардынал, пасварыўся б з «мячом горада».

Але ён добра валодаў сабою. І таму расчулена паківаў галавой і сказаў з класічным аратарскім жэстам:

— Я заклікаю ў гэты раз быць міласэрнымі: не ведаюць бо, што вытвараюць. Улічыце, гэтыя шэранькія стварэнні могуць прыносіць і карысць. Яны паядаюць лічынкі, і насякомых, і чарвякоў.