Читать «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» онлайн - страница 14

Уладзімір Караткевіч

Такая ў той час абыякавасць напала на людзей! Дый майстэрства падупала, як заўсёды пры вечнай вайне. І вось з паўтарасажнёвых муроў выпадалі і каціліся ў Нёман камяніскі, трушчыліся пад цяжарам валунных слаёў слаі цэглы (муры былі, як слоены пірог: слой каменных брылаў — слой цэглы), вежы (чатыры квадратныя і адна круглая, па імю Зафея) былі запушчаныя, выраслі на іх малыя бярозкі, лебяда і іншая дрэнь. Сачылі, відаць, больш за замкавым палацам, чым за мурамі.

І ўсё ж цытадэль была страшная. Стральчатыя гатычныя вокны палаца, грыфельныя муры, вострыя дахі са свінцовай чарапіцы, зялёная і смярдзючая вада бяздонных равоў, вузкія, як шчыліны, байніцы верхняга і ніжняга бою. Ля Саляной вежы — камяністы, касталомны зрыў да ракі. А ля яе — узгорак, вышэйшая кропка Замчышча, гародненская Галгофа. Там зараз кружляла груганнё: зноў, відаць, кагосьці выкінулі на пажыву.

Людзі на Старым рынку, прыціснутым ледзь не да самых равоў, не звярталі на птушак ніякай увагі, дарма што крумкачы лямантавалі не толькі над Зітхальным Гарбом, а і над вежамі. Звыклі. Чаго ні даводзілася бачыць за апошні час. Трэба было жыць. Хаця трохі падаражэй прадаць сваё, ледзь не апошняе, хаця трохі падзешавей купіць збожжа… Мала народу варушылася ў той дзень на чатырохкутнай плошчы.

Крамы данцыгскіх ды крулявецкіх купцоў былі шырока адчынены, але што ў іх рабіць простаму чалавеку? Збожжа там не прадаюць, збожжа там купляюць. Купляюць і футру, але якія футры ўлетку. Купляюць, вядома, і лён, і пяньку, ды толькі мераю іхняй куплі не мужыцкая жменя, а цэлы панскі абоз.

Варшаўскія, торуньскія, крымскія купцы. Часам прамільгне, бы з цёмнага дрэва рэзаны, веніцэец, гарбаносы нарвег, ці нават валох, або нават зябкі маўр. Ведаюць: тут спакойна, тут, у горадзе гарадоў, ніхто іх не зачэпіць. Бо ўсё тут, што датычыць гандлю, у руках купца і для купца. Купец не дасць магнату пакрыўдзіць і абабраць, рада не дасць царкве накласці на ўсё нясытую лапу.

І не ведаюць яны, што, нягледзячы на самаўпраўленне, усёй гэтай раскошы прыходзіць канец, прыйшоў ужо канец. І нічога не зробіць рада ні з замкам, ні з царквою, ні з магнатамі, ні з іхнімі шляхецкімі атрадамі, слугамі і прыгоннымі.

Толькі і засталося радзе, што ўладарыць над рамеснікамі, падмайстрамі ды плебеямі. І над табою ўсялякі суд ёсць, а ты, бурмістр, вы, радцы ды лаўнікі, толькі і можаце, што спрэчкі аб маёмасці разбіраць радзецкім судом ды забойствы і іншае такое — судом лаўнічым.

І дрэмле за акном ратушы мардаты лаўнік, чакае, калі нейкага злодзея спаймаюць ды прывядуць. А побач, у вялізным заезным доме гасцінным, думаюць багемскія, нямецкія і іншыя купцы, як бы Гародню на чарговым кірмашы абабраць.

Ідзе варта ў чашуйчатых латах. Падалей ад яе, падалей ад багатых крам. Вось на гэтым баку плошчы лепей. Тут хочаш бэркаўцам купляй, хочаш — жменяй. Над дзвярыма рыбных радоў рыба-кіт глытае Іёну. Над хлебнымі радамі волат-хлебаед жарэ каравай велічынёй з царкву — таксама пуката выразаны, пафарбаваны. А над дзвярыма піўнога рада анёлак пускае струмень. А што, сапраўды, як іначай паказаць, што такое піва і што яно робіць з людзьмі.