Читать «Тыя (на белорусском языке)» онлайн - страница 4
Борис Саченко
- Дык i трэба гэта зрабiць, - не ўтрымалася, падказала я.
- Хэ, - засмяяўся Анатоль Iванавiч. - Так не адна вы, а многiя кажуць. I не толькi кажуць, а i хочуць. Але ж... Вы, пэўна, ведаеце, што ёсць сiла i антысiла, прыцягненне i адштурхоўванне, дабро i зло, любоў i нянавiсць, жыццё i смерць... Вы калi-небудзь думалi пра гэта - чаму так?
- Не, - прызналася я.
- А вы падумайце. Можа, усё гэта знарок зроблена, з пэўным, так сказаць, сэнсам. Можа, каб чалавек у штосьцi верыў i разам з тым баяўся? Вялiкая сiла вера. Але не меншая сiла i страх. I заўважце - заўсёды нехта прыдумваў на чалавека новую бяду, як толькi ён пазбаўляўся ранейшай, што яго мучыла. Ды i... Ураганы, землятрусы, вывяржэнне вулканаў, войны... Асаблiва войны. Калi ў даўнiя часы ваявалi чалавек з чалавекам, то потым пачалi ваяваць сям'я з сям'ёю, род з родам, паселiшча з паселiшчам, горад з горадам, княства з княствам, народ з народам, дзяржава з дзяржавай... А цяпер... Сусветныя войны. Пагражаюць ужо ўсiм нам атам i вадарод, знiшчэнне цывiлiзацыi, наогул усяго жывога на Зямлi i нават самой Зямлi... Што, усё гэта, думаеце, выпадкова? А можа, ёсць сiла, якая кiруе ўсiмi дзеяннямi чалавека, не дае яму разняволiцца цалкам, аб'яднацца з усiмi? Чалавек прыдумвае адно, а сiла тая зусiм адваротнае... Раней усё добрае, казалi, тварыў бог, а нялюдскае, злое чорт... Цяпер па-iншаму гэта называюць, але сутнасць адна - як толькi нешта прыдумае добрае чалавек, адразу ж быццам супрацьяддзе знаходзiцца. Прыклады? Вам прывесцi прыклады?
- Не трэба, - адмоўна хiтнула я галавою. - I так даволi. Дый сама я магу прывесцi вам прыклады. Скажам, з тымi ж хваробамi. Як толькi адну людзi пачынаюць лячыць, новая, яшчэ больш страшная, узнiкае. Але не пра гэта я хачу зараз гаварыць. Скажыце - няўжо i далей усё так будзе, як было?
- Што вы маеце на ўвазе?
- Ну, што ўсё тое самае будзе, што i было раней, толькi быццам у новых формах?
- Вядома. Iнакш... Як толькi знiкне сiла, знiкне i антысiла, а значыцца, знiкне i чалавек, жыццё. А так у змаганнi, у барацьбе, яно i развiваецца, ад нiжэйшага да больш дасканалага, якаснага... Вы, вiдаць, чыталi цi чулi пра Вавiлонскую вежу, як будавалi яе... Калi паднялiся надта высока, адбылося мiж людзьмi неразуменне адзiн аднаго. Запомнiце - так будзе i далей. Паверце мне, не захочуць дапусцiць, каб была поўная згода, узаемаразуменне мiж людзьмi, краiнамi.