Читать «Тыя (на белорусском языке)» онлайн - страница 3
Борис Саченко
Я падняла вочы, паглядзела на неба, на зоры, што iскрылiся, гарэлi ў небе. Iх, як мне здалося, было больш, чым нават учора, - тысячы, мiльёны, мiльярды...
"А што, - падумала я, - чаму гэта на адной нашай Зямлi жыццё магчыма, а на iншых планетах немагчыма? Тыя выключныя ўмовы, што стварылiся для нараджэння i iснавання жыцця, маглi ўзнiкнуць i ў iншых месцах. А калi так, то жыццё iснуе i яшчэ дзесьцi. I, можа, яно там на больш высокiм узроўнi развiцця. I калi мы толькi пачынаем асвойваць космас, то тыя, больш развiтыя iстоты, даўно яго асвоiлi. I лятаюць да нас на Зямлю... Ды i ляталi... Вось чаму i сляды ранейшых прылётаў iншапланецян цяпер вучоныя ў самых розных месцах знаходзяць. А тое, што ў кантакты яны вельмi ж асцярожна з чалавекам уступаюць, дык гэта i не дзiўна... I мовы, вiдаць, не ведаюць, бо i не адна ж мова ў нас, а сотнi... Дый хвароб нашых зямных, мiкробаў баяцца... А можа, iм i не трэба асаблiва ў кантакты ўступаць, тэхнiка, навука развiты так, што i без кантактаў усё бачаць i ведаюць..."
Словам, задумалася я над рознымi касмiчнымi праблемамi i зноў не заўважыла, калi да лаўкi падышоў Анатоль Iванавiч - у новым, яшчэ больш элегантным, як учора, касцюме, белай накрухмаленай кашулi, з "матылём" замест гальштука на шыi.
- Я вам не перашкодзiў? - спытаў цiха, амаль шэптам Анатоль Iванавiч.
- Ой, што вы, - узрадавалася я. - Сядайце, разам паслухаем шум вадаспада. Ды i пагаворым...
- Пра што? - неяк загадкава спытаў Анатоль Iванавiч. - Пра космас, iншапланецян?
I ўсмiхнуўся, мабыць, убачыўшы, як мяне ўсю перасмыкнула - адкуль ён ведае, што мяне цiкавiць, займае мае думкi?
- Зноў вы спытаеце, чаму я ведаю, пра што вы думаеце, пра што пагаварыць хочаце? Не здзiўляйцеся, космас хвалюе, займае цяпер не адных вас. Чаму? I пiшуць пра гэта шмат, ды i... Быццам разняволiўся чалавек, крылы ў яго выраслi, увесь у палёце... Раней ён бачыў толькi тое, што ў яго пад нагамi было. Зямлю сваю бачыў. А цяпер, калi спадарожнiкi розныя лётаюць, касманаўты, Месяц, планеты Марс i Венеру асвойваем... Думкi многiх скiраваны ў космас. Чалавеку, бачыце, няўтульна стала на Зямлi, цесна, адзiнока, ён захацеў "общения" з iншымi жывымi iстотамi, шматвяковы сум па iншых разумных жывых iстотах раптам адчуўся з небывалай сiлай... Яно i не дзiва. Раней чалавек верыў у бога, у нячыстую сiлу, баяўся iх... А цяпер ведае: няма бога, няма нячыстай сiлы... Усё матэрыяльна, ясна, нiякiх загадкавых з'яў... А калi нешта нейкае загадкавае з'яўляецца час ад часу, ён iмкнецца пазнаць, вытлумачыць, навукова абгрунтаваць... Зямля асвоена, вось i iмкнецца чалавек у космас, каб асвоiць i яго. I не без поспеху - за якiх некалькi дзесяткаў год зроблена многае. Iнстытуты цэлыя, лабараторыi менавiта на гэта працуюць. I як, як, скажу вам, працуюць! Нiхто нiчога не шкадуе - нi грошай, нi iншых сродкаў... На што-небудзь больш надзённае не хапае, а на космас... Усяго, усяго хапае... I вынiкi... Вынiкi, як вам вядома, ёсць... I яны будуць куды большыя, калi толькi сiлы i розум усяго чалавецтва накiраваць на гэта - на асваенне космасу.