Читать «Тыя (на белорусском языке)» онлайн - страница 2

Борис Саченко

- А мяне... Каця, - чамусьцi засаромелася я.

- Ну вось, мы i пазнаёмiлiся, - як бы з палёгкай уздыхнуў Анатоль Iванавiч. - А то, на выпадак чаго, нават як зваць адно аднаго, не ведалi... Вы дзе жывяце? - спытаў ён, калi мы выйшлi з парку.

- Ды зусiм блiзка. Вунь там, у тым доме, - паказала я на дзевяцiпавярховы дом, што бялеў па другi бок вулiцы.

- Адна?

- Так, адна... А што?

Анатоль Iванавiч збянтэжыўся, але на хвiлiну, толькi на адну хвiлiну.

- Гэта я... На ўсякi выпадак... I што - адгадаў? - усмiхнуўся ён.

- Адгадалi, - усмiхнулася i я.

Не, мне падабаўся гэты незнаёмец, што падсеў да мяне так нечакана на лаўку ў парку i назваўся Анатолем Iванавiчам. I ад п'янай кампанii падлеткаў абаранiў, i... Прыемна было разам з iм дадому iсцi. Асаблiва калi пад руку я яго трымала - быццам з самым дарагiм, блiзкiм чалавекам iшла. I расставацца... Не, не хацелася мне, анi не хацелася расставацца.

- Выбачайце, я затрымала вас... I паслухаць шум вадаспада... не дала... прашаптала, павiнавацiлася я.

- Нiчога, другi раз паслухаю... А што да затрымкi, дык я... Нiкуды не спяшаюся.

- Вам што - хiба заўтра на працу не трэба?

- Я ў адпачынку.

- I нiкуды не едзеце, у горадзе будзеце?

- Пагляджу, падумаю. Адпачынак мой толькi пачынаецца... Заўтра першы дзень.

- А вы... Пуцёвак нiякiх нiкуды не бралi?

- Можа, яшчэ вазьму, паеду куды-небудзь. Гэта не ад аднаго мяне залежыць.

- А ад каго? Вы што - жанаты, сям'ю маеце? Цi, можа, мацi, бацька старыя, нямоглыя?

- Не, я гэтакi ж адзiнокi, як i вы. Зноў я здзiвiлася, аж плячыма павяла.

- Адкуль вы ведаеце, што я адзiнокая?

- Не ведаю, а здагадваюся, - усмiхнуўся Анатоль Iванавiч. - Калi б вы былi не адзiнокая, не сядзелi б так позна на лаўцы ў парку. А каб i сядзелi, дык не адна...

Была, была логiка ў разважаннях Анатоля Iванавiча. Разумны, здагадлiвы ён. I лiшняга нiчога сабе не дазваляў. Паводзiў, словам, не так, як iншыя мужчыны i хлопцы - не лез абдымацца, цалавацца, хоць быццам я першая ўзяла яго пад руку, вяла побач з сабою, i мне гэта падабалася. I не толькi гэта - сам Анатоль Iванавiч падабаўся. Iнтэлiгентны, далiкатны, выхаваны. I разам з тым... Рашучы, смелы. "Такi ў крыўду нiкога не дасць, - падумала я. - Вось бы блiжэй з iм пазнаёмiцца... А потым... I замуж за такога выйсцi". Анатоль Iванавiч быццам здагадаўся, пра што я думаю, пачуў мяне.

- Дык што, заўтра зноў сустрэнемся? - сказаў ён, правёўшы мяне ў пад'езд дома, дзе я жыла, i выклiкаўшы лiфт.

- Дзе? - прашаптала я, ласкава акiнуўшы вачыма Анатоля Iванавiча.

- Там жа, ля вадаспада, на лаўцы... Прыйшоў лiфт, i я ўскочыла ў яго, забыўшыся пажадаць Анатолю Iванавiчу добрай ночы i падзякаваць... За ўсё, усё падзякаваць...

Назаўтра, ледзь змерклася, я заспяшалася ў парк. На маё шчасце, тая, як я яе называла, "мая" лаўка, што стаяла пад старымi таполямi i на якой я заўсёды сядзела, калi прыходзiла да вадаспада, была незанятая. I я, апусцiўшыся на тое самае месца, што i ўчора, калi да мяне падышоў Анатоль Iванавiч, зноў, слухаючы, як мерна i быццам з сумам падае з вышынi плацiны вада, думала пра розныя касмiчныя цуды, пра iншапланецян... Цiкава, няўжо гэта праўда, што пiшуць некаторыя вучоныя? Загадкавыя малюнкi i надпiсы на вечках саркафагаў, што знойдзены ў самых розных месцах? Сляды гiганцкага касмiчнага аэрадрома Наска? Намаляваныя - ну рыхтык касманаўты - у шлемах, з антэнамi - у пячорах, цэрквах, на скалах - людзi i разам з тым быццам не людзi? Дый гэтыя лятучыя неапазнаныя аб'екты - "талерачкi", - што час ад часу з'яўляюцца ў небе - iх бачаць лётчыкi i пастухi, жыхары вёсак i гарадоў? Больш таго - "талерачкi" гэтыя садзяцца на Зямлю, з iх выходзяць жывыя iстоты, абмацваюць глебу, збiраюць каменнi, iрвуць траву i ламаюць голле - няйнакш вывучаюць. I людзей, што здараюцца паблiзу, з сабой забiраюць. Адных вяртаюць назад на Зямлю, а iншых... Цiкава, няўжо самi тыя людзi на Зямлю вяртацца не хочуць? Цi iх... Не выпускаюць?..