Читать «Тыя (на белорусском языке)» онлайн - страница 6
Борис Саченко
- А створанае чалавецтвам - адкрыццi розныя, кнiгi, кiно, тэатр, радыё, тэлебачанне? - задумалася я.
- Гэта дробязi, яны даюцца чалавеку, каб ён бавiў час, трохi весялей жыў, не думаў пра сваю смерць. Бо калi i гэта ў чалавека забраць - надта ж сумна будзе яму жыць, смерцi чакаць. Ды i часу будзе шмат, каб думаць. А робiцца ж усё, каб чалавек менш думаў якраз пра незямное i больш - пра зямное.
- Паслухаеш вас... - паглядзела я з недаверам на Анатоля Iванавiча. - Дык i жыць не захочацца.
- Зямным - так. Але ж ёсць жыццё - вы верыце ў тое - не зямное. Вось бы туды як-небудзь пранiкнуць, паглядзець, што там? Ды i на Зямлю, на людзей паглядзець як бы збоку, га? Што, можа, скажаце, не хочацца таго? I не толькi вам гэта хочацца. А многiм. Таму i касмiчныя караблi будуюць, таму i палёты ў космас пачалi...
- I што, тое, што вы сказалi... Ну, на Зямлю, людзей як бы збоку паглядзець... Магчыма?
- Не ўсiм. Адным магчыма, другiм не. Некаторыя ж... I цяпер гэта могуць зрабiць.
- Як? - Я аж з лаўкi падхапiлася. - Хто гэтыя некаторыя? I вы... Што вы пра iх ведаеце? Ды i... Хто вы?
- Вам заўтра на працу рана iсцi, - напомнiў Анатоль Iванавiч, таксама падымаючыся з лаўкi. - Таму... Спынiм на гэтым сёння размову, адкладзём на другi раз.
- На калi? - спытала я.
- На калi хочаце.
- А вы не едзеце нiкуды з горада?
- Пакуль не.
- Тады... Давайце заўтра сустрэнемся. Тут жа, - сказала, прапанавала я.
- Добра, заўтра дык заўтра...
Анатоль Iванавiч узяў мяне пад руку, зноў правёў да таго дома, дзе я жыла, упусцiў у лiфт i... Мы рассталiся.
Назаўтра, як толькi змерклася, я зноў заспяшалася ў парк. Анатоль Iванавiч гэты раз апярэдзiў мяне - ён ужо сядзеў, над нечым глыбока задумаўшыся, на лаўцы пад старымi таполямi, калi я прыйшла на набярэжную. Зноў было цудоўнае цёплае надвор'е, выплыў месяц, ды i зоры надта ж густа высыпалi - быў жнiвень месяц, а ў жнiўнi, як вядома, заўсёды ярка свецяць зоры. I многа iх - быццам усё неба iмi вышыта, праколата, расквечана.
- Пра што вы задумалiся? - спытала я, наблiжаючыся да лаўкi, дзе сядзеў Анатоль Iванавiч.
- Ды ўсё пра тое ж, - усмiхнуўся, як мне здалося, трохi стомлена Анатоль Iванавiч. - Вы задалi мне ўчора некалькi пытанняў, на якiя я вам не адказаў, бо пазнавата было. Ды i... Не ведаю, цi варта вас спакушаць далей гэтымi... iншапланецянамi... Можа, лепш з вамi павесцi размову пра больш зямное, патрэбнае вам. Вы ж... - паглядзеў ён на мяне, - такая маладая, прыгожая... Вам радавацца, жыць зямным трэба...
- Але я не знаходжу радасцi ў зямным, - прызналася я. - Начальнiца ў мяне... Вы б ведалi, якая мегера. Ад мужчын, з якiмi я сустракалася, на кiламетр нясе цыгарэтамi, гарэлкаю... I кожны глядзiць на цябе, каб хутчэй... Словам, узяць, што яму трэба. Ды i ў крамах, на вулiцы, у кiно... Не тое... Раздражняюся толькi, злую... Нiхто мяне не разумее...
- А тыя, iншапланецяне, думаеце, зразумеюць?
- Не ведаю. Але... Хацелася б, каб зразумелi. Бо тут, на Зямлi... Мяне некаторыя дзiвачкай называюць. Увесь час я адна, з кнiгамi, картачкамi... Уся i радасць, што на лаўцы вось тут, ля вадаспада, пасяджу. Ды цяпер вось з вамi душу адводжу...