Читать «Каханы горад (на белорусском языке)» онлайн - страница 8

С (Адамович Юстапчик

Калi ўжо былi ў дзявятай клясе, нек на пачатку зiмы, Юрка аднойчы прыйшоў на заняткi, наўсуперак свайму звычаю, страшэнна панурым i маўклiвым. Адмаўчаўшыся гэтак "ваўком" колькi гадзiнаў, пад канец дня ён усё-ж ня вытрываў i ў клясе адразу разьнеслася вестка, што Юрка бачыў учора ў кiно Веру зь нейкiм маладым прыгожым вайсковым у форме авiяшколы, i Вера была да яго дужа-дужа прыхiльнаю, куды больш, як да каго-небудзь iз "сваiх" хлапцоў.

Пасьля заняткаў, як разыходзiлiся дадому, Веру "выклiкалi на тлумачэньнi". Яна спакойна, як i заўсёды, сказала, што гэта быў ейны зродны брат, якi прыяжджаў да iх на пару дзён у гасьцiну.

- Зродны браток цi родны сяброк? - ня вытрываў Юрка, каб ня ўставiць "шпiлькi", хоць тут-жа, адчуўшы, што выйшла яна затупой i задурной, навет густа пачырванеў.

- Калi хочаш, дык толькi з такiм, як ён, i можна было-б сябраваць пазапраўднаму, - спакойна зноў адказала Вера, прыцiскаючы толькi на апошнiм слове.

- I выйсьцi замуж? - не ўтаймоўваўся Юрка, чуючы, што зусiм ужо "ляпае дурнiну".

- Але, i выйсьцi замуж. Калi апошняя "падзея" здарыцца неяк у маiм жыцьцi, дык маiм абраньнiкам будзе напэўна толькi такi мужны, бясстрашны "капiтан паветра" - даконча "капiтан паветра", - закончыла Вера, неяк цi то лятуценна, цi то насьмешлiва, хоць нiхто з усхваляваных зайздроствам ейных рыцараў апошняга адценьня не зразумеў i навет не спасьцярог.

На гэтым усе гаворкi пра "падзею" ў кiно спынiлiся й не аднаўлялiся, бо, зрэшты, больш "нiчога такога" за Верай нiхто ня здолеў спасьцерагчы, як нi пiльна сачылi цяпер усе, асаблiва на першым часе. Але пакрысе сярод хлапцоў клясы пачала раптам выяўляцца надзвычайная цiкавасьць да лётнае справы. Ажывiлася праца школьнага авiягуртка, якi датуль iснаваў бадай толькi на паперы, а калi ўвесну быў абвешчаны авiянабор у школу - дзевятаклясьнiкi, усе як адзiн, пападавалi туды заявы.

Што Вiктар i Юрка пройдуць камiсiю - у гэтым для нiкога ня было найменшага дзiва, але што трэйцiм мiж iх будзе зноў-ткi Валiк - сталася для ўсiх поўнай неспадзеўкаю. Праўда, у навуцы ён заўсёды йшоў у ваднэй тройцы з тымi, але-ж тут не ў навуцы штука, а ў фiзычным стане i здароўя, i сiлы, i спрыту. Дзе гэта ўсё ў паненскае "нашае Валi", кволае "Сьнягурачкi"? У самым факце, што й Валiк падаў заяву, бачылi толькi меру ягонае закаханасьцi ў Веры, ня меншую, як у iншых. Хлапцы сьмяялiся й дражнiлiся, што лепш-бы падацца яму ў школу мэдычных сёстраў, бо тут для яго рэч безнадзейная ды зусiм неадпаведная. I дзяўчаты таксама шкадавалi беднага ды наперад рыхтавалiся спачуваць i суцяшаць яго пры забясьпечанай няўдачы. Але Валiк, хоць нязьменна чырванеў на ўсё гэта, ды станоўка, проста "непасвойму", як казалi, дамагаўся свайго й дамогся, "адшыўшы" цэлы рад прэтэндэнтаў, якiя фiзычна выглядалi куды мацнейшымi за яго й былi зусiм пэўныя, што ўжо хто-хто, а Валiк тут iм нiякi не канкурэнт.