Читать «Каханы горад (на белорусском языке)» онлайн - страница 9

С (Адамович Юстапчик

Неўзабаве й наладзiлi праводзiны будучых "капiтанаў паветра". Адгулялi iх у Верынай гасподзе, на што ня толькi згадзiлася, але навет сама запрапанавала Верына мацi - вельмi сымпатычная жанчына, сама настаўнiца. Вера была, як заўсёды, роўна вытрыманай i спакойнай, але ўсё-ж крышку можна было спасьцерагчы, што ёй ня можа не iмпанаваць гэты вычын ейных "рыцараў", бо дзяўчына напэўна добра разумела, што гэта тыя калiшнiя словы, сказаныя ёю зайдросьнiкам, так вызначальна ўплылi на выбар iмi свае жыцьцёвае кар'еры, гэтак прынадна-рамантычнай, але разам iз тым i такой цяжкой ды небясьпечнай.

Праводжаныя найлепшымi пажаданьнямi й патаёмнай зайздрасьцяй цi аднага зь незадачлiвых канкурэнтаў-аднаклясьнiкаў, адбылi трох у Маскву, дзе неўзабаве, у чырвенi таго самага году, засьпеў iх выбух вайны зь Немцамi. Курс авiяшколы быў прысьпешаны як мага i, добра папрацаваўшы ды, папраўдзе, адмучыўшыся, новасьпечаныя пiлёты апынiлiся ўжо ля самога фронту, у No-скай эскадрыльлi лёгкiх бамбавiкоў, дзе, змушаныя ня так школьным сяброўствам, як тым Верыным бласлаўленьнем i змаганьнем за яе, папрасiлiся ў васобны, свой "зямляцкi" зьвяз, на чало якога выпрабаваныя падхалiмскiя здольнасьцi вынесьлi Вiктара Лабунiча.

IV

Юрка бег у сваю скрайнюю, найдалейшую за ўсiх палатку, як-бы старт меўся быць ужо, зараз во, i ён ня ўхопiць падрыхтавацца. Гнала яго тая шалёная думка, што раптам выблiснула пад канец гаворкi зь Вiктарам.

- Але, дадому - хоць раз добра вырзаў дурны Жарабец, - праказаў ён сам сабе ўжо ля самое свае палаткi, i тут-жа палахлiва азiрнуўся, цi не пачуў хто. Блiзка ня вiдаць было нiкога...

Толькi як гэта зрабiць - трэба абдумаць зараз канкрэтна, грунтоўна, а галоўна - бяз панiкi, спакойна. Каб i назад як зьвярнуцца? Не, як скочыш далоў - назад ужо дудкi... Дый навошта? Там-жа Вера, дык якраз будзе зь ей i адзiн... А гэтыя два тут застануцца - яшчэ лепш. Але як сама Вера гэта прыйме? Не, хiба-ж не "патрыятычна" - чаму-ж сама засталася пад акупацыяй, калi Вiктар прыйшоў сюды (ня хлусiць-жа хiба). I якраз гэтым цяпер можна й заваяваць яе канчальна, што для яе-ж скочыў. А вайны гэтае й лётаньня ён мае ўжо аж за самае годзе, хай iншыя даваёўваюць, хто хоча, усё роўна, перамога - вiламi па вадзе, дзе... А так - яны будуць разам iзь Верай, што-б там ня было. I якое ўва ўсiм гэтым вар'яцтва, шаленства, як здалося было адразу?

I Юрка супакоiўся канчальна на цьвёрдай, непахiснай пастанове: сяньня ён пакiне i гэтую эскадрыльлю, i Вiктара з Валiкам, i "Макрыцу", i ўсю гэтую "доблесную, непераможную". I назаўсёды. З парашутам - далоў, у "каханы горад", дадому, хоць i няма яго ў бяспрытульнага Юркi, але - да Веры... Дык рыхтавацца, бо старт - нязвычайны будзе старт...

Ды вось адразу - першая "закавыка": як-жа зь iм, iз гэтым штурманам-радыстым Гадэнкам? Бо, дазволiўшы на ўтварэньне "сяброўска-зямляцкага", ледзь не нацыянальна-беларускага зьвязу, пабаялiся-ж пакiнуць яго чыста такiм, дадаўшы, на ўсякi выпадак, штурманамi чужых. Што праўда, сваiх i ня было пад рукамi.