Читать «Каханы горад (на белорусском языке)» онлайн - страница 6

С (Адамович Юстапчик

- Так... Дык дзякую за асаблiвы давер... - выцадзiў Валiк, пераходзячы на тую-ж афiцыйнасьць. - Дазволiце йсьцi?

- Калi ласка. Старт 20.30, не забудзьцеся, таварыш Сьнягурскi!

Валiк пайшоў, крутка павярнуўшыся ды нат не адказыраўшы, толькi нэрвова-падчыркнена адбiваючы абцасамi.

- А праўда, дарма ты даў гэтай румзе такую частку - натаўчэць яшчэ кашы, празь нюнi не разгледзеўшыся, - зазначыў па ягоным адыходзе Юрка.

- Колькi разоў прасiў ня вучыць мяне - маю-ткi сваю галаву, - асадзiў яго начальнiк. - Што, i табе яшчэ Верачка балiць?

- А табе - дык хiба ўжо не?

- Так цi не, але якраз я пэўны, што ўжо куды-куды, а на ейны дом, "знаёмы дом", сяньня й зерне макава не ўпадзе. I праўда, я-ткi падумаў, падбiраючы адпаведную кандыдатуру, i ягонае "знарок" было не бяз рацыi.

- Маеш сваю галаву, - працягнуў у раздуме Юрка, але раптам якраз у ягонай галаве мiльганула шалёная, вар'яцкая, як здалося было яму адразу, думка. I ажыўлены зноў раптоўным хваляваньнем, ён пасьпешна кiнуў: - Дык цяпер адпачыць, падрыхтавацца...

I, адказыраўшы, адыйшоў, мала не бягучы.

Усе ўжо былi паразыходзiўшыся па сваiх палатках.

III

Гiсторыя трох сяброў, калi можна было цяпер запраўды назваць iх сябрамi ў поўным сэньсе, нагадвала крыху гiсторыю тых "трох танкiстых, трох вясёлых сябраў" з моднае савецкае песьнi, якую таму й гундосiў iм бадай заўсёды Жарабцоў. Вiктар, Юрка й Валiк на самой рэчы ўтварылi свой зьвяз паводля моднага сваiм часам у савецкай армii прынцыпу "экiпажаў братоў", "сяброў", "землякоў". Але ўвесь iхны шлях да гэтага зьвязу быў даволi сваеасаблiвым i цiкавым.

Ад самае першае, у ваднэй клясе й аднае школы вучылiся Вiктар i Валiк. У пятай далучыўся да iх i тадышнi гадунец дзiцячага дому, кагадзешнi гэрой вулiцы - бяспрытульнiк Юрка Галушка. Усе тры ў вучэньнi аднолькава йшлi ў першым радзе. Кажны меў, кажучы тымi камiсаравымi словамi, свае "недахопы й дахопы", але нек яны ўзаемна зраўнаважвалiся, i выходзiла так, што ўсе тры йшлi роўна, i ўсе тры - наперадзе.

Найменш здольным быў, бясспрэчна, Вiктар Лабунiч, але браў ён выседжваньнем, напорнасьцяй, а што да настаўнiцкiх ацэнаў - i падлiзьнiцтвам ды даношчыцтвам, сваiм яму ўжо змалку. I ў школе яго за гэта ня любiлi, дражнiлi "сьмярдзюхом", бо ў Вiктара, апрача ўсяго, страшэнна i ўжо на вялiкай воддалi тхнула ад ног, якiя вечна ў яго немiласэрна прэлi. Таму на парце ён заўсёды сядзеў адзiн. Заўсёды потныя, няпрыемна-сьцюдзёныя й датаго-ж нек нязьгiнальныя ў даланёх, як дошчачкi, былi ў Вiктара й рукi, i пасьля Юрка бачыў ува ўсiм гэтым таямнiцу цеснага кантакту сябра з камiсарам "Макрыцам": "Бо таксама поўмакрыцы й цэлы сьмярдзюх", - казаў ён.

Самому Юрку, пры ягоных вялiкiх здольнасьцях, пракiдкосьцi й дасьцiпносьцi, не ставала якраз сталасьцi таго выседжаваньня, i таму ён часта, што называецца, "пападаўся". I ў школе гэта быў ужо рызыкант, як пасьля ў паветры, - рыса, зрэшты, узгадаваная яшчэ бяспрытульнiцкай мiнуўшчынай. I гэтае рызыканцтва давалася-ткi ў знакi некаторым настаўнiкам, уплываючы на Юркаву рэпутацыю ў iх i перашкаджаючы яму выбiцца на сама-першае месца. Зрэшты, да гэтага ён i ня iмкнуўся, як Вiктар.