Читать «Каханы горад (на белорусском языке)» онлайн - страница 10

С (Адамович Юстапчик

Добра, хоць цяпер гэтага Гадэнкi тут, у палатцы, няма...

- Трэба пачысьцiць рэвольвэр, - iзноў праказаў уголас Юрка. Ён ня любiў свайго штурмана й без таго. Не падабалася яму навет i тое, што прозьвiшча ў гэтага палтаўца - гатовая мянушка, перарабляць ня трэба. I здавалася, што штурман добра й апраўдвае гэнае прозьвiшча-мянушку. Усюды, гад, мяшаецца, крытыкуе, устаўляе свае тры грошы, а сам - доўбня-доўбняю. Падазравалася навет, што ён сочыць Юрку, ды цi ня зь Вiктаравага даручэньня - "сачком" у "сачкома"... Дык гаду хай i будзе гадава... Нi здагадацца, нi зварухнуцца ня ўхопiць - гэткi цяльпук...

Толькi - не: пакуль яго няма, трэба перш iз вопраткай якi парадак даць ня будзеш-жа там франтаваць у гэтым "сакалiным", сваё цывiльнае трэба паднiз, каб гэта пасьля - ськiнуў i пайшоў сабе...

Юрка борзьдзенька распрануўся, дастаў з куфэрка свой адзiны й сьвяточны дагэтуль, людзкi, як называў ён, цывiльны гарнiтур. Так, цяпер на гэта адразу - камбiнэзон... I анi ня знаць толькi што мо зараньня яшчэ гэтак выстраiўся... Ды хто там спасьцеражэ, i што ў гэтым нязвычайнага? Ага, вось i грошы тут добра, што не распусьцiў. Хоць, зрэшты, ня было й на што. Плацяць, што праўда, добра - за добрую й рызыку, толькi цяпер - навет паўлiтра ня купiш звыш таго што "ў прафэсii" "для запраўкi" належыць... Ага, i гэтага рэшткi трэба "зьнiшчыць", "каб i люлька не дасталася ўражаму ляху"... Але пасьля лепш, перад самым адлётам, якраз - для настрою... А грошы - прыдадуцца, пэўна прыдадуцца...

I Юрка ўзяўся чысьцiць сваю зброю, якая мелася сяньня выканаць ня зусiм прыемную ўсё-ж рэч, але бяз гэтага ня выйдзе нiчога... Не, ужо каго-каго, а Гадэнкi не шкадаваць... Ня йдзе вось - хай адгуляе сваё апошняе на гэтым сьвеце, i - марш...

Няўзнак, сам сабою накруцiўся той матыў, якi нядаўна гундосiў iм Жарабцоў. Добрая мэлёдыя, хоць ужо й цяпер для Юркi яна павiнна быць "iхнаю", але ўсёдна - добрая. Упраўляючыся з рэвальвэрам, Юрка сьцiху насьпёўваў сам сабе тое:

Каханы горад сябру усьмiхнецца,

Знаёмы дом, зялёны сад i той пагляд...

Апошняя думка спынiла яго яшчэ на мамэнт: хiба гэта ён - адзiны з трох найразумнейшы, што ягоную галаву наведала раптам такая генiяльная iдэя? Што, калi й з гэных двух каторы падобна разважыў i - наважыў? Вiктар - дык напэўна не: ён нiзашта ня кiне свае, так блiзскучае, кар'еры тут, ардэноў, якiя ўжо перад iм маячаць... Быў-жа ўжо апынiўся на тым баку, i зь Вераю бачыўся навет - назад усё-ж прыгнала. Але - Валiк? Бедны Валiк, якую "сьвiньню" падлажыў яму сяньня гэты сьмярдзюх. Аднак, бадай, мае рацыю: Верын дом сяньня будзе ў поўнай бясьпецы, гэтага "Сьнягурачка" дапiлнуе, як свайго вока. А дадумацца да такой iдэi, як у Юркi, ды адважыцца пагатоў - цi-ж стане на гэта "авечкi"?

I зноў, супакойваючы й абнадзейваючы, выплыла слаўная, задушэўная мэлёдыя на тых самых словах:

Знаёмы дом, зялёны сад

I той пагляд...

V

Валiк ляжаў нярухома на сваiм паходным ложку, уталопiўшыся ў вадзiн пункт перад сабою распаленымi вачыма. Гэтым пунктам выпадкам сталася маленькая, акуратненькая кругленькая дзiрачка ў палатне палаткi, прабiтая куляю. Празь яе вiдаць было чыстае, ужо цёмна-сiняе неба. Дзiрачку нядаўна зрабiў Юрка, як быў у Валiка ў палатцы i, п'яному, заманулася яму застрэлiць iз рэвальвэра муху, што сядзела была на тым месцы. "Куля прабiла маленькае вакенца ў неба", падумалася, прыгадаўшы гэта, Валiку. Але гэтая думка ня спынiла на сабе тымчасам ягонае ўвагi, склiзгануўшы й зьнiкшы, як i ўсе iншыя, ды варочаючы ўсё назад да таго аднаго - што за подласьць зрабiў яму Вiктар, i што наагул будзе сяньня, за гадзiну-другую, зараз во... Гэта мучыла й пякло, i кавалачак неба ня мог анi супакоiць, анi ўцiхамiрыць сваёй чыстаю сiняй. Можа замалы быў ён на гэта. I Валiк, хоць увесь час глядзеў на яго, не заўсёды й бачыў, апанаваны цяпер сваёй нявымоўнай пакутаю.