Читать «Каханы горад (на белорусском языке)» онлайн - страница 7

С (Адамович Юстапчик

Валiк Сьнягурскi меў i здольнасьцi ня менш, як у Юркi, i ўседлiвасьць, ды, наўсуперак яму, быў зусiм "цiхiм цацам", як казаў той. Але якраз апошняе, даходзячы да скрайнае сарамяжнасьцi, нясьмеласьцi, не давала, як трэба, выявiцца Валiкавым ведам. Заўсёды-ж ведаў ён i паўней i глыбей за ўсiх, навет за тых двух напэўна, але пры адказах раптоўна чырванеў, бянтэжыўся, часам навет блытаўся, i гэта "зьбiвала" й яму адзнакi. Наагул, усiм сваiм вонкавым i нутраным складам Валiк нагадваў баржджэй дзяўчыну, як хлапца. Ён i сябраваў найбольш iзь дзяўчатамi, i тыя проста мелi яго не за хлапца, а як-бы за сваю сястру, дзелячыся зь iм усiмi, заўсёды так багатымi ў дзяўчатаў, сакрэтамi. За гэта хлапцы дражнiлi яго "наша Валя" й "Сьнягурачка", а часам i "авечка" агульнай мянушкай для ўсiх дзяўчатаў клясы, склад якiх, запраўды, падабраўся быў нек наўзьдзiў шэра, не адзначаючыся нiчым выдатным зь нiякага боку.

Але ў сёмай клясе прыйшла да iх новенькая, як неўзабаве выявiлася, зусiм не "авечка". Праўда, з выгляду й яна выдалася адразу вельмi сьцiплай, асаблiва сваймi даўгiмi косамi - гэтым "паненскiм архаiзмам", як здавалася ўсiм - i хлапцом, i стрыжаным пад хлапцоў дзяўчатам. Ды ўжо першымi тыднямi выявiлася, што ў ейнай асобе прыйшоў моцны канкурэнт тром "перадавiком". Яна проста здзiўляла i настаўнiкаў i вучняў заўсёднай грунтоўнасьцяй i глыбiнёй сваiх ведаў, сталасьцяй i спакоем пры адказах, наагул вытрыманасьцяй i ўзгадаванасьцяй. Пры ўсёй сваёй сьцiпласьцi яна зусiм ня была "цiхуткаю" умела ўзяць удзел i ў вагульных забавах i, навет, у хлапецкiх штуках, i пасьмяяцца, i пажартаваць. I пры ўсiм тым ад яе, асаблiва ад погляду ейных шэрых вачэй, як-бы бруiлася нейкая нябачная, незьясьнёная, але спакаральная сiла. Навет хлапцы толькi першы тыдзень спрабавалi торгаць яе за косы й борзда мусiлi адмовiцца ад хоць i вялiкай такой, спакусы. Нек само сабой злажылася, што ўсе пачалi заўсёды i ўва ўсiм слухацца Веры Рынейскае, i пад канец году яна ўжо была за старасту клясы, застаўшыся нязьменна на гэтай пачэснай пасадзе аж да канца школы. Гэтак заваяваўшы ўсiхныя сэрцы, яна сталася ўлюбёнкаю i хлапцоў i дзяўчатаў, а калi ў восьмай клясе пад вясну пачала бушаваць кроў у моладзi i таго i таго роду, у цэнтры гэтага бушаваньня стала зноў Вера.

Дзяўчаты першыя выявiлi, што ўсе хлапцы - але-ж усе бяз вынятку закахаўшыся ў гэтай Верачцы. Насьпявалi ўжо звадкi й "канфлiкты" сярод хлапцоў, пачыналi крывiцца й дзяўчаты, бо нiводзiн з абраньнiкаў iхнага сэрца цi густу - анi вокам ня вёў на нiводную зь iх. Але Вера зноў умела паставiць сябе так, што ўсё гэта ня выбiлася наўзьверх i не прывяло да нiякiх "грамадзкiх забурэньняў" у клясе. З усiмi роўная, яна нiкога не падпушчала блiжэй, але разам iз гэтым кажнаму ўпаасобку як-бы давала нейкую надзею й тым самым трымала каля сябе ўсiх чыста. Яна навет ахвяроўвалася часам пасядзець якую гадзiнку на "пошаснай" парце iзь "сьмярдзюхом" Вiктарам Лабунiчам, i той у глыбi свае самазакаханае й самапэўнае душы мо найбольш з усiх займеў надзею стацца адзiным Верыным абраньнiкам. Але такiя-ж надзеi пацiху таiлi i Юрка, i Валiк, зь якiм Вера, як i рэшта дзяўчатаў, добра тайкавала, а таксама ўсе iншыя хлапцы клясы.