Читать «Адна гадзiна (на белорусском языке)» онлайн - страница 3
Дэшил Хэммет
- Даведалiся што-небудзь пра тых двух, што былi ў машыне?
- Не, нiчога! Мы апыталi ўсiх, каго маглi знайсцi ў раёне Калiфорнiя i Кернi-стрыт - там, дзе ўкралi машыну, а таксама паблiзу Клэй i Мантгомеры-стрыт - дзе яе кiнулi. Але нiхто не мог узгадаць, каб хто-небудзь садзiўся ў машыну або вылазiў з яе. Уладальнiка машыны на той момант у ёй не было, так што, на маю думку, яе проста ўкралi. Спачатку я думаў, што справа крыху цёмная. У Джона Ньюхаўса за два цi тры днi да здарэння з'явiўся сiняк пад вокам. Мы праверылi гэты факт i даведалiся, што ў яго некалькi дзён таму быў сардэчны прыступ - i, падаючы на падлогу, ён напароўся тварам на крэсла. Тры днi ён хварэў - i ўпершыню выйшаў з дому толькi за паўгадзiны да здарэння.
- Дзе ён жыў?
- На Сакрамента-стрыт, на выездзе з яе. У мяне недзе запiсаны яго адрас.
Палiцэйскi пагартаў свой зашмальцаваны блакнот - i я атрымаў нумар дома нябожчыка, прозвiшчы i адрасы сведкаў здарэння, якiх апытаў Кофi.
Атрымаўшы ўсю наяўную iнфармацыю, я пакiнуў палiцэйскага ў спакоi.
Наступным крокам было вывучэнне наваколля тых месцаў, дзе ўкралi аўтамабiль i дзе яго кiнулi, а таксама апытанне сведкаў. Паколькi намаганнi палiцыi аказалiся марнымi, было мала шанцаў знайсцi што-небудзь вартае ўвагi, але я не мог толькi па гэтай прычыне адмовiцца ад вышукаў. Праца дэтэктыва на дзевяноста адсоткаў уяўляе сабой збор дэталяў - i ўсе iх трэба атрымаць, наколькi гэта магчыма, з першых рук, не зважаючы на тое, хто да цябе вёў следства па гэтай справе.
Аднак перад тым як пачаць вышук у гэтым кiрунку, я вырашыў зайсцi ў друкарню, што належала нябожчыку - яна знаходзiлася за тры кварталы ад будынка суда, - i даведацца, цi чулi яе служачыя што-небудзь цiкавае для мяне.
Установа, якая належала Ньюхаўсу, займала паверх невялiкага будынка на Калiфорнiя-стрыт, памiж вулiцамi Кернi i Мантгомеры. З боку вулiцы ў ёй была адгароджана канторка, што злучалася калiдорам з друкарняй, якая знаходзiлася з тыльнага боку будынка.
Адзiным чалавекам у канторы, калi я зайшоў туды з вулiцы, быў малога росту паўнаваты бландзiн гадоў пад сорак у кашулi з кароткiмi рукавамi, якi сядзеў за сталом, звяраючы лiчбы, запiсаныя ў гросбусе, з тымi, што былi на паперах, цэлы стос якiх ляжаў побач.
Я прадставiўся, паведамiўшы, што з'яўляюся аператыўным супрацоўнiкам вышукнога агенцтва "Кантыненталь", якое мае цiкавасць да справы, звязанай са смерцю Ньюхаўса. Чалавек у канторы назваўся Бенам Соўлсам, сказаў, што працуе ў друкарнi Ньюхаўса майстрам. Мы пацiснулi адзiн аднаму рукi. Соўлс запрасiў мяне сесцi ў крэсла насупраць, адсунуў убок паперы, кнiгу, з якiмi працаваў, i з агiдай на твары паскроб галаву алоўкам.
- Гэта жахлiва! - усклiкнуў ён. - Тут увесь час то адно то другое, спраў па горла, а я мушу корпацца ў гэтых паперах, хоць нiчога ў iх не разумею.
Соўлс перапынiў размову, каб адказаць на тэлефонны званок.
- Так... Гэта Соўлс... Яны якраз у рабоце... Я перадам iх вам не пазней паўдня ў панядзелак. Я ведаю, што мы абяцалi надрукаваць iх яшчэ ўчора, але... Я ведаю! Ведаю! Але ў сувязi са смерцю боса спазнiлiся. Растлумачце гэта мiстэру Кроствэйту... Абяцаю перадаць вам iх у панядзелак ранiцай, будзьце ўпэўнены! - Соўлс раздражнёна кiнуў трубку на апарат i зiрнуў у мой бок. Падумаць толькi, ягоная машына збiла шэфа, i ён тым не менш лiчыць прыстойным уздымаць вэрхал, калi крыху спазнiлiся з заказам!