Читать «Адна гадзiна (на белорусском языке)» онлайн - страница 2

Дэшил Хэммет

Зразумела, самае горшае, што можа здарыцца, дык гэта тое, што замест звычайнага штрафу мiстэра Кроствэйта могуць пасадзiць у гарадскую турму на трыццаць або шэсцьдзесят дзён. Варыянт даволi непрыемны, i менавiта яго мы хацелi б...

- Чорт яго вазьмi, - зноў загаварыў Кроствэйт, па-ранейшаму не адводзячы вачэй ад каленяў.

- Вось менавiта яго мы хацелi б пазбегнуць, - працягваў адвакат. - Мы гатовы заплацiць суровы штраф, якога i трэба чакаць, бо здарэнне на Ван-Нес-авеню адбылося па вiне мiстэра Кроствэйта. Але мы...

- П'яны ў дошку, - буркнуў Кроствэйт.

- Але нам не хацелася б, каб другое здарэнне, да якога мы не маем нiякага дачынення, кiнула неапраўданы цень на менш сур'ёзную справу. У сувязi з гэтым мы хацелi б знайсцi асобу альбо асоб, што ўкралi машыну i збiлi Джона Ньюхаўса. Калi iх знайсцi да нашага паяўлення ў судзе, нам не будзе пагражаць магчымасць стаць ахвярамi iх злачынства. Як вы лiчыце - iх можна знайсцi да панядзелка?

- Паспрабую, - паабяцаў я, - хоць гэта не...

Чалавек-пухiр перабiў мяне, вылез з крэсла i адшукаў тоўстымi пальцамi ў камянях гадзiннiк.

- Тры гадзiны, - сказаў ён. - У мяне прызначана гульня ў гольф на палову чацвёртай. - Кроствэйт узяў са стала капялюш i пальчаткi. - Дык знайдзiце iх. Страшэнна непрыемна апынуцца ў турме.

I пайшоў, перавальваючыся, да дзвярэй.

З канторы адваката я накiраваўся да будынка суда, дзе, паблукаўшы некалькi хвiлiн па калiдорах, нарэшце знайшоў палiцэйскага, таго самага, якi з'явiўся на рагу Клэй i Кернi-стрыт праз некалькi секунд пасля таго, як аўтамабiль наехаў на Ньюхаўса.

- Я якраз выходзiў з суда - i тут бачу, як за рог на Клэй-стрыт iмчыць машына, - пачаў расказваць патрульны - мажны бландзiн па прозвiшчы Кофi. Потым бачу - там збiраюцца людзi, ну, я пайшоў туды i ўбачыў на зямлi гэтага Джона Ньюхаўса. Ён быў ужо мёртвы. З паўдзесятка чалавек бачылi, як яго збiла машына, а адзiн нават запомнiў яе нумар. Машыну знайшлi кiнутай адразу ж за рагом, на Мантгомеры-стрыт. Было вiдаць, што яна рухалася ў паўночным кiрунку. У той час, калi аўтамабiль наехаў на Ньюхаўса, у iм былi два мужчыны, але нiхто не паспеў заўважыць, як яны выглядалi. Калi знайшлi машыну, у ёй ужо нiкога не было.

- У якiм кiрунку iшоў Ньюхаўс?

- У паўночным, па Кернi-стрыт, i ўжо на тры чвэрцi перайшоў Клэй-стрыт, як на яго наехала машына. Аўтамабiль таксама рухаўся ў паўночным кiрунку па Кернi-стрыт i на Клэй-стрыт павярнуў на ўсход. Вiдаць, вiнаватыя ў тым, што здарылася, не толькi тыя, хто ехаў у машыне - так мне сказалi сведкi. Ньюхаўс iшоў па вулiцы, утаропiўшыся ў нейкую паперку, што трымаў у руцэ. Я знайшоў у руцэ нябожчыка папяровыя грошы - замежную банкноту - i, мяркую, што менавiта яе ён i разглядаў у той момант. Лейтэнант лiчыць, што гэта галандскiя грошы сто флорынаў - так ён сказаў.