Читать «Дамавiкамерон (на белорусском языке)» онлайн - страница 72

Адам Глёбус

LXIV. ЗАЛЁТНIК

Залётнiк гандляваў канцэнтраваным малаком. Купляў у мястэчку Глыбокае вялiкую партыю i пераганяў фургонамi ў Маскву. Беларускi прадукт у расейскай сталiцы не вельмi шанавалi - баялiся радыяцыйнага бруду. Таму разам з малаком Залётнiк прывозiў i цэлую скрынку новенькiх этыкетак, толькi з друкарнi, толькi з варштата. На iх была вымалевана крутабокая карова, у якой пад вымем пiсалася, што выдатнае малако зроблена ў Туле.

Залётнiк нi ў якiм разе не лiчыў сябе падманшчыкам, калi ў сутарэннях былой пажарнай, пераробленай у рэкламнае агенцтва "Бегемот", пераклейваў этыкеткi. Момант неэтычнасцi, а тым больш крымiнальнасцi, ён адмаўляў цалкам, нават на самым сподзе ягонай дробнай душы не ўзнiкала сумнення.

Стамiўшыся ад манатоннай i нятворчай працы, ён падняўся на першы паверх i страшэнна здзiвiўся, бо да адзiнага акна ў даўжэзным калiдоры прытулiлася ноч.

- Якая цяпер гадзiна? - гукнуў Залётнiк да лысагаловага вахцёра.

- Дванаццаць, дванаццаць, - адчаканiў той, нават не адрываючы вачэй ад таўсценнай кнiгi, пэўна, пра вахцёраў.

- А рукамыйнiк у вас дзе, а то забыўся? - Залётнiк узняў перапэцканыя ў клей рукi.

- Калi трэба ў прыбiральню, - вахцёр узняў ветлiвыя вочы, - дык спачатку пойдзеце направа, потым налева, а там па лесвiцы на другi паверх, дзе вернецеся крыху назад i адразу за рогам будзе, як вы казалi, рукамыйнiк. Толькi правесцi Вас не змагу, - вахцёр вясёла паляпаў па колах iнвалiднай люлькi. - Святла ў будынку няма, але выключальнiкi за кожным паваротам, на ўзроўнi Вашых вачэй.

Залётнiк рушыў да прыбiральнi з высока ўзнятымi рукамi, перапэцканымi ў сталярны клей. З фiлянговых дзвярэй яму падмiргвалi вясёлкавыя шыльдачкi рэкламнага агенцтва "Бегемот". Адны з дзвярэй аказалiся прачыненыя. У ярка асветленым памяшканнi, дзе некалi стаяла адна, а можа i дзве пажарныя машыны, цяпер месцiлася майстэрня па вытворчасцi iнфармацыйных шчытоў. Над квадратным планшэтам схiлiлася дзяўчына ў чорных нагавiцах, што шчыльна аблягалi выпуклыя клубы.

- Прабачце! - гукнуў Залётнiк да мiнiяцюрнае дзяўчыны з малочнай, як кiтайскi фарфор, скураю. Палова дзявочага твару хавалася за марлевай павязкаю. Ад "прабачце" дзяўчына ўздрыгнула i наставiла на чужынца аэрограф з такiм выглядам, нiбыта замест блiскучага пульверызатара ў яе руцэ чорны браўнiнг.

- Яшчэ раз прабачце, я нiкога не хацеў напалохаць, - замармытаў Залётнiк. - Проста не трэба сядаць спiнаю да адчыненых дзвярэй! - дыдактыка думкi надала ўпэўненасцi бруднарукаму Залётнiку. - Дарэчы, ад перапалоху лепей за ўсякiя лекi дапамагае канцэнтраванае малако. I я абавязкова падару Вам некалькi бляшанак, калi Вы дапаможаце прайсцi праз лабiрынт калiдораў да рукамыйнiка.

- Зараз, - дзяўчына паклала пульверызатар на жывапiсную, усю ў фарбавых крапках i разводах, падлогу.

Яны выйшлi ў калiдор, дзе натапыранай птушкаю сядзеў вахцёр - iнвалiд у сiнiм фрэнчыку.

- Вось сюды, - дзяўчына махнула на чорны дзвярны прагал.

- Нават носа не вiдаць, - зайшоўшы ў чарноцце, зазначыў Залётнiк.