Читать «Дамавiкамерон (на белорусском языке)» онлайн - страница 71

Адам Глёбус

LXIII. СОЧНIК

Ад прыгараднай аўтастанцыi Сочнiк перайшоў вулiцу i трапiў у гастраном. Там ён кульнуў дзве шклянкi памiдорнага соку i прыдбаў у дарогу трохлiтровы слоiк з салоным таматным напоем.

Сочнiк збiраўся наведаць у мястэчку Фанiпаль сваю даўнюю сяброўку, што пасля заканчэння тэхнiкума працавала аграномам у саўгасе "Фанiпальскi".

Цагляна-чырвоны трохлiтровы балон уладкаваўся ў брызентавую валiзку да раней купленага смажанага кураняцi i пляшкi пшанiчнай гарэлiцы. Сакаўное сонечнае святло гэтыя пачастункi пабачылi толькi ў местачковым дамку, дзе iх павыстаўлялi на абклеены цыратаю стол у маленькiм пакойчыку, якi здымала маладая аграном у чапялападобнай старой за сiмвалiчную плату.

Старой гаспадынi з прывезеных пачастункаў перапала шклянка салонага, як чалавечая кроў, напою ды птушынае крылца. Ад гарэлiцы яна адмовiлася. Пляшку саракаградуснае вадкасцi агоралi Сочнiк i маладзiца. Шчокi сяброўкi зрабiлiся малiнавыя, на што Сочнiк не прамiнуў зрэагаваць:

- Ты стала падобная да сакаўнога яблыка. У даведнiку па сексалогii я вычытаў, што жанчыны падзяляюцца на яблыкаабрысных i грушападобных. Залежыць гэта ад формы нiжняе часткi торса. Ты, мой салодкi аграном, яскравы прыклад яблыкаабрыснасцi, гэта дае падставы сказаць: зацяжараць табе будзе значна цяжэй, чым аграному з грушавiднай канструкцыяй.

- Не сумуй, мой салоны, - заўсмiхалася румяная маладзiца. - Як толькi пажадаеш мець яблыка ад яблынi, я знайду шляхi ў абыход грушападобнасцi.

Пасля трапезы Сочнiк з аграномам выйшлi прагуляцца па цiхмяных вулках вечаровага Фанiпаля.

- Цiха ў цябе тут, - канстатаваў Сочнiк.

- Як у труне, - аграном звесiла галаву.

У маркотным настроi яны прайшлi мястэчка i апынулiся ў рэдкiм сасняку. Сочнiк праявiў нецярплiвасць, нетактоўнасць i неахайнасць. Эратычнае папiхванне адбылося проста на сцяжыне i стоячы. Добра яшчэ, што Сочнiк здагадаўся падтрымлiваць за сцягно прыўзнятую нагу маладзiцы.

- Якi ж ты няспелы, - сказала яна, калi Сочнiкава сцяблiна канчаткова страцiла пругкасць.

На што пачуўся наступны аргумент:

- Смажыць ад гарэлiцы, вось я i вырашыў: як хутчэй каханне справiць i вярнуцца таматны сок пiць.

У маленькiм пакойчыку Сочнiк з апетытам засмактаў вялiзны кубак салонага напою, пасля чаго сыта завуркаваў i слiзгануў на прасцiны да сяброўкi.

- Цяпер не смажыць? - запыталася яна, калi адчула лашчанне на яблыкаабрысных клубах.

- Салоны, халера, занадта. Трэба было гатаванай вадою развесцi, бо чым болей п'еш, тым болей смажыць.

- А цябе, мой салоны, акрамя соку, што-небудзь хвалюе ў жыццi?

- Вядома, хвалюе, - схлусiў Сочнiк, - мяне хвалююць два слiмачкi, што пахавалiся мiж тваiмi сцёгнамi.

Падчас маркiтавання ён двойчы перарываўся i хадзiў да засланага цыратаю стала, каб прыкласцiся да балона i аднавiць сiлы. Але гэта не дапамагло, калi маладзiца змагла задаволiцца ажно тройчы, дык Сочнiк так i не дасягнуў разрадкi.

"Можа, з-за яблыкаабрыснасцi? Цi, можа, я ўжо не здатны выпускаць насенне больш як раз на дзень? А хутчэй за ўсё, таматны напой быў кепскi салоны, як чалавечая кроў, колькi яго нi пi, а смагу не натолiш", маракаваў Сочнiк, вяртаючыся з Фанiпаля ў Менск.