Читать «Раманiст (на белорусском языке)» онлайн - страница 3
Жорж Сименон
I прашу зразумець, што гэта зусiм не з пыхлiвасцi, а, наадварот, ад сцiпласцi: я не адчуваю сябе падрыхтаваным гаварыць пра нешта iншае. Зрэшты, паверце, я не буду закранаць нi сваю творчасць, якая, дальбог, не заслугоўвае такога гонару, нi пра свае творчыя планы. Я хачу пагутарыць з вамi прыкладна ў такiм духу:
- Вось як я стаў сталяром, выбачайце, раманiстам... Гэта варштат, а гэта iнструменты... Гэта вось робiцца такiм чынам... Каб зрабiць стол, гэта значыць раман, трэба пачынаць вось з гэтага i вось з гэтага...
Толькi майце на ўвазе, гэта зусiм не азначае што iншыя робяць гэтаксама. Але ўрэшце, каб зразумець рамеснiка, трэба хоць трохi ўяўляць сабе ягонае рамяство. Вось прыкладна тое, пра што я хачу сёння расказаць.
- Як вы сталi раманiстам? Калi i як да вас прыйшла думка пiсаць раманы?
Класiчныя пытаннi, якiя заўсёды задаюць нам. Аднак, за рэдкiмi выняткамi, адказы бываюць адны i тыя самыя. Думаю, мне не было i трынаццацi гадоў, калi я вырашыў, што прысвячу сваё жыццё пiсьменнiцтву. Чаму? Мне цяжка адказаць, а ўжо тады я ўвогуле не змог бы растлумачыць. Бацька мой не пiсаў. Нiхто з раднi, нiхто з нашых сяброў i знаёмых - таксама. Аднак я казаў адно: "Я буду пiсаць..." А паколькi я не ўяўляў, што пiсьменнiцтва можа быць прафесiяй, што лiтаратурная праца можа даць чалавеку сродкi на iснаванне, бацькам я заяўляў:
- Хачу быць святаром цi афiцэрам.
Яны не разумелi гэтага "цi". Чаму святаром цi афiцэрам? Сотнi разоў яны задавалi мне гэтае пытанне, але я ўпарта адмаўляўся адказваць на яго. Прычына, вымушаны вам прызнацца, была ў тым, што маё жаданне пiсаць здавалася мне калi ўжо не сараматным, дык, ва ўсякiм разе, чымсьцi такiм, пра што нельга казаць уголас.
Дык чаму ж усё-такi казаў я, што хачу стаць менавiта святаром цi афiцэрам?
Я бачыў, як кюрэ нашага прыхода нетаропка гуляе ў садзе свайго дома, пачытваючы малiтоўнiк. Бачыў афiцэраў, якiя ў любы час раз'язджалi вярхом цi прагульвалiся па горадзе. I ў iх, i ў святароў быў вольны час, якi яны спакойна i прыемна бавiлi. Iхняя прафесiя, нават адмысловае адзенне надавалi iм нейкую вартасць, якая злiвалася ў маiм уяўленнi з роляю пiсьменнiка. I нарэшце я меў адно яшчэ больш наiўнае меркаванне: у iх былi чыстыя рукi; нi тым, нi другiм не даводзiлася займацца цяжкаю працаю, ад якой рукi грубеюць i пакрываюцца мазалямi.
Iшлi школьныя гады. Як многiя, я пiсаў благiя вершы. Як многiя, у трэцiм класе я арганiзаваў часопiс, якi выходзiў у некалькiх экземплярах; былi выпушчаны ўсяго два нумары, але гэтага хапiла, каб мяне ледзь не выкiнулi з калежа. Няварта дадаваць, што часопiс быў страшэнна непачцiвы да настаўнiкаў. Я прыводжу гэтыя малацiкавыя драбнiцы толькi таму, што, як i ўсе, чытаў бiяграфii пiсьменнiкаў, якiя былi да мяне, i згадваю толькi адно выключэнне з агульнага правiла: усе пiсьменнiкi ў пэўны момант адчувалi патрэбу выдаваць школьны часопiс i закранаць у iм сваiх настаўнiкаў. Усе яны ледзь не вылецелi са школы, а нехта, думаю, i сапраўды быў выключаны.
Я не сцвярджаю, што гэта ўмова sine qua non*, абавязковая прыкмета прызвання, i не хацеў бы бянтэжыць кандыдатаў у раманiсты, якiя ў школьныя гады не выдавалi часопiсаў.