Читать «Раманiст (на белорусском языке)» онлайн - страница 2
Жорж Сименон
Што ж да крытычнага пачуцця, то я думаю: а цi не будзе яно яго скоўваць? Як бачыце, я прымаю перасцярогу, перш чым прызнацца вам, што не валодаю нi крытычным пачуццём, нi аналiтычным розумам i што, маючы справу з iдэямi, адчуваю ў сабе гэтакую няўклюднасць рабочага-муляра. Дарэчы, мне падабаецца слова "рабочы", i, калi дазволiце, скажу, што я ўсяго толькi рабочы славеснасцi. Уяўляеце сабе муляра, якi гутарыць з вамi аб архiтэктуры?.. Ён проста бярэ цаглiну. Кладзе яе, потым кладзе раствор. Адзiнае, што ад яго патрабуецца, - добра выкананая работа. Вам хочацца пагаварыць з iм, не баючыся занудзiцца? Тады няварта разважаць нi пра мастацтва, нi пра палiтыку, нi пра эканомiку: пагаманiце пра ягонае мулярскае рамяство - i, ўпэўнены, не расчаруецеся.
Большую частку жыцця я баўлю ў сельскай мясцовасцi, дзе няма чым забаўляцца i дзе на пяцьдзесят мiль вакол не знойдзеш анiводнага чалавека. Мае сябры вельмi спачуваюць мне:
- Як ты можаш месяцамi жыць, нi з кiм не размаўляючы?
- Ды я размаўляю днi напралёт.
Iх гэта дзiвiць. Яны не разумеюць. Не разумеюць, што кожнаму чалавеку ёсць што расказаць, кожны чалавек цiкавы, калi гаворыць пра сваё, гэта значыць пра сваю прафесiю. Вазьму хоць бы нашага вясковага лекара: проста дзiва, калi ён вечарамi пачынае згадваць ля камiна сваiх пацыентаў i ўсялякiя гiсторыi пра iх!.. Ды я нашмат болей уведаў пра чалавечую прыроду з гамонак з вясковымi лекарамi, чым чытаючы фiлосафаў. А каваль, якi расказвае пра сваю кузню?.. Сталяр за варштатам... Селянiн, калi iдзеш разам з iм па ягонай зямлi... Не трэба толькi ўцягваць iх у сферу чыстых iдэй - гэтыя людзi iмгненна губляюць усю сваю сiлу, усю непаўторнасць i пачынаюць апавядаць моваю перадавiц.
Чаму ж, мяркую я, раманiст павiнен манiпуляваць iдэямi спрытней за вясковага лекара цi аратага? Мяне заўсёды бянтэжылi пытаннi, якiя задаюць нам журналiсты, беручы iнтэрв'ю:
- Што вы думаеце пра пасляваенны перыяд? Пра рускае пытанне? Пра атамную бомбу? Пра беспрацоўе цi пра забастоўкi?
Уявiце сабе, нiчога не думаю! Вельмi рэдка рэпарцёр, несумненна пазбаўлены цалкам фантазii, просiць мяне проста расказаць пра маю справу.
I аднак, калi б я вырашыўся пагаварыць з вамi аб рамане ўвогуле, калi б пачаў: "Раман - гэта..."
А праўда, што гэта такое - раман?.. Як на маю думку, дык гэтае паняцце вельмi шырокае. Я нагаварыў бы вам процьму глупстваў i банальнасцей. Калi стаiш за варштатам, бачыш толькi варштат. Так i са мною. Iншыя раманiсты? Я альбо не ведаю iх, альбо ведаю вельмi дрэнна, так што мне не выпадае гутарыць пра iх.
Адкуль цi куды iдзе раман? Тэма адмысловая, але тут мусова патрабуецца погляд звонку, а не знутры. Так што гэта справа крытыка альбо якога-небудзь доктара лiтаратуразнаўства.
Шаноўныя панове, гэта ўступ, каб прызнацца вам, што я не буду гаварыць нi аб рамане, як было абяцана, нi нават аб раманiстах, а ўсяго толькi пра аднаго з iх, пра таго адзiнага, каго хоць трохi ды ведаю - гэта значыць пра сябе.