Читать «Раманiст (на белорусском языке)» онлайн - страница 6
Жорж Сименон
I вось я прыбыў у Парыж i пасялiўся ў гатэлi, у нумары пад самым дахам, якi быў звычайнай мансардаю, дзе я стукаўся галавою ў столь, калi прачынаўся iншы раз сярод ночы. Але думаю, што, калi б у мяне нават былi грошы, я ўсё роўна выбраў бы такi ж бедны пакойчык, бо, жывучы па-сярэдняму ўтульна, лiчыў бы, што здрадзiў лiтаратуры.
Суседнюю мансарду займала гатэльная пакаёўка, якая бавiла большую частку ночы ў калiдоры за чысткаю абутку пастаяльцаў. Але богi i тут спрыялi мне. Гэтая сцiплая дзяўчына была стрыечная сястра пiсьменнiка, якi толькi што "адарваў" Ганкураўскую прэмiю, i ягоныя партрэты красавалiся ў вiтрынах усiх кнiгарняў! Мне здавалася - калi ласка, не смейцеся! - што, жывучы ў суседняй каморцы, я ўжо неяк далучаны да славы яе знакамiтага кузэна.
Я сустракаўся з Калет*, вялiкай Калет: тады яна была першым лiтаратурным рэдактарам у газеце "Матэн", i я насiў ёй свае першыя апавяданнi.
* Калет Сiданi Габрыэль (1873-1954) - вядомая французская пiсьменнiца, сябра Ганкураўскай акадэмii.
- Бачыце, галубок, гэта вельмi лiтаратурна, задужа лiтаратурна.
Ах, разумнiца Калет, якi цудоўны эўфемiзм знайшла яна! Лiтаратурна азначала прэтэнцыёзна, невыносна прэтэнцыёзна.
Я iмкнуўся ўкласцi ўвесь дрыготкi свет у аповяд на паўтары калонкi i абурыўся б, калi б мне заўважылi, што публiка патрабуе, каб ёй проста расказалi якую-небудзь гiсторыю. Гiсторыю! Яшчэ чаго! Прынiзiцца да расказваняя гiсторый, гiсторый, калi ўва мне сусвет i я жадаю ўвесь яго цалкам!
Кожнае ранiцы я прыходзiў у "Матэн" з новымi апавяданнямi, але Калет не здавалася.
- Галубок, гэта яшчэ ўсё-такi трохi лiтаратурна... Трэба спускацца да ўзроўню публiкi... Газету чытаюць у аўтобусе, у метро... У чытача няма часу пераварваць вялiкую лiтаратуру...
Нядаўна ў папцы з надпiсам "Адмоўленае" я знайшоў аповяды, якiя меў нахабства падсоўваць гэтай выдатнай жанчыне, i толькi тады ўсвядомiў усю ступень яе выдатнасцi.
Аднак здарылася немагчымае: урэшце я зразумеў, чаго яна ад мяне чакае. На гэта спатрэбiлася некалькi месяцаў.
- Яшчэ трохi лiтаратурна, галубок... Гiсторыя! Проста распавядзiце гiсторыю... Усё астатняе дадасца...
У дзень, калi я гэта зразумеў, я перастаў хадзiць у "Матэн": мне было сорамна, i толькi праз шмат гадоў я зноў сустрэў Калет i пасябраваў з ёю. Мне трэба было вучыцца расказваць гiсторыi.
Гэтае вучэнне доўжылася дзесяць гадоў, i я не зусiм перакананы, што i цяпер яно скончанае.
Расказваць гiсторыi, iнакш кажучы, чалавечыя жыццi... Гэта значыць прымушаць людзей жыць, запоўнiць дзве цi там пяць сотняў старонак кнiгi чалавечым духам - як мага паўней... Чым больш я сталею, чым больш пiшу, тым больш разумею, колькi ў гэтым гардынi. Такой гардынi, што я знаходжу - толькi не палiчыце гэта блюзнерствам - адно такiя словы, каб выкласцi сваю думку: "Дасканалы раманiст мусiць быць своеасаблiвым богам-бацькам..."
Ствараць людзей, несцi ў далонях свет... Але хiба героi Бальзака, Дзiкенса, По, Дастаеўскага не такiя ж рэальныя, як тыя людзi, з якiмi вы сустракаецеся на вулiцы? Хiба панi Бавары не здаецца вам больш знаёмай, чым сама блiзкая сяброўка?