Читать «Раманiст (на белорусском языке)» онлайн - страница 15
Жорж Сименон
Вось i ўсё. Заўтра я ўстану да свiтання i нашча, не скiнуўшы з сябе туману ночы, пайду да свайго стала, дзе, я ў гэтым упэўнены, чакаюць мяне мае героi. Праз дзве гадзiны ў мяне будзе надрукаваны раздзел роўна на дваццаць старонак, бо я сябе настроiў менавiта на дваццаць старонак. Такую норму лiчу вельмi някепскай.
Цяпер я магу расчынiць насцеж вокны, пайсцi прайсцiся, як нармальны чалавек. Але ўсе адзiнаццаць дзён, пакуль iдзе праца, людзi сустракаюць не мяне, а Маленькага Луi цi некага iншага, чыю паходку я падсвядома пераймаю, як нярэдка пераймаю i звычкi. Але, але! Ажно да чарачак "гарладзёркi" - i гэта пры тым, што я амаль не п'ю.
Вось, шаноўныя панове, усё, што я хацеў вам распавесцi - проста i шчыра.
Я, як i абяцаў загадзя, гаварыў пераважна пра сябе, за што i прашу ў вас прабачэння, але, галоўнае, прашу зразумець: калi я так рабiў, дык толькi таму, што нiчога iншага i не мог сказаць.
Раман - гэта не проста мастацтва, а ўжо менш за ўсё прафесiя. Перш за ўсё гэта страсць, якая цалкам апаноўвае вас i занявольвае.
Нарэшце, гэта патрэба, мажлiва, патрэба ўцячы ад сябе, жыць, хоць бы нейкi час, па сваёй ахвоце ў свеце, табою абраным.
I хто ведае, цi не з'яўляецца ён, раман, да таго ж, - i галоўным чынам, спосабам пазбавiцца ад сваiх прывiдаў, даўшы iм жыццё i выштурхнуўшы ў свет?
Вось, без сумнення, прычына, з якой не выбiраюць характар герояў - вясёлых цi сумных, неспакойных, змрочных цi бесклапотных.
Раман - усё гэта разам, а для таго, хто яго пiша, ён яшчэ i Вызваленне.
Так што цяпер вы разумееце, што раманiст нi пра што iншае i няздольны гаварыць?