Читать «Раманiст (на белорусском языке)» онлайн - страница 10
Жорж Сименон
- Я вырашыў узняць планку.
- Як вас зразумець?
- Хачу пасля народных раманаў паспрабаваць раман паўлiтаратурны.
Гэты тэрмiн развесялiў яго, але ў той самы час i збянтэжыў:
- Што вы маеце на ўвазе пад "паўлiтаратураю"?
Блытаючыся, я паспрабаваў растлумачыць:
- Iснуе дзесяць, а то i дваццаць вiдаў лiтаратуры. Яны ўсё роўна як розныя аддзелы ўнiвермага. Iнакш кажучы, iснуюць толькi з маўклiвай дамовы памiж прадаўцом i пакупнiком. У кожнай з гэтых катэгорый свае правiлы, i парушаць iх забаронена з прычын камерцыйнай прыстойнасцi. Над усiм гэтым узвышаецца "чысты" раман, твор мастацтва, якi арыентуецца толькi на сябе самога i не падпарадкоўваецца анiякiм выдавецкiм правiлам. Пакуль я яшчэ не адчуваю сябе досыць сталым, каб падступiцца да яго. Раман, сапраўдны раман нельга напiсаць да сарака гадоў: ён вымагае сталасцi, а раней за сорак яе не дасягнуць. Аднак я лiчу сябе здатным адысцi ад некаторых шаблонаў i ствараць герояў, амаль падобных да жывых людзей, пры ўмове, што буду карыстацца апораю, каркасам, буду абапiрацца на павадыра, а такiм з'яўляецца дэтэктыў. I ад гэтай пары мне хацелася б пiсаць вам па дэтэктыве ў месяц.
- Чаму па адным у месяц?
- Бо паводле маiх разлiкаў гэтага вымагае мой бюджэт.
- А хто мне гарантуе, што вы зможаце вытрымаць такi тэмп?
- Вось вам шэсць раманаў, напiсаных за тры месяцы.
Феяр прачытаў iх i праз тыдзень сказаў:
- Я iх выдаю. - Аднак адразу ж дадаў: - Толькi мы iдзём да катастрофы.
- Чаму?
- Таму што, па-першае, вашы дэтэктывы - нiякiя не дэтэктывы. Яны не навуковыя. Вы не выконваеце правiлаў гульнi.
- Далей?
- Па-другое, у iх няма кахання, хоць бы ў той меры, у якой яно дапускаецца ў дэтэктывах.
- Што яшчэ?
- Па-трэцяе, у iх няма персанажаў вiдавочна сiмпатычных i вiдавочна антыпатычных. Вашыя раманы канчаюцца нi добра, нi дрэнна. Гэта катастрафiчна.
Усё гэта праўда. У свеце не знойдзеш дэтэктываў, зробленых горш за мае. I ўсё-такi Феяр iх выдаў, дагэтуль не разумею чаму. Напэўна, усё з тае ж прычыны: кiруючыся спачуваннем, якое ўратавала мяне ад выгнання з калежа, а пазней ад звальнення з газеты, дзе я працаваў рэпарцёрам. Разумееце, гэтыя раманы былi даволi нiзкай якасцi. Яны ўяўлялi сабою этап. У багатых на ўмоўнасцi рамках я спрабаваў прымусiць людзей жыць.
Вынiк быў вельмi сцiплы. I я прызнаюся вам у гэтым без падманнай сцiпласцi. Я тады ўсё яшчэ быў на ўзроўнi гам. Iграў, як пiянiст, гамы. I ўсё ж то тут то там мог паспрабаваць перастварыць атмасферу, характар.
Я напiсаў Феяру за вызначаны дамовамi тэрмiн цi то васемнаццаць, цi то дваццаць дэтэктываў. Яны былi перакладзеныя амаль на ўсе мовы, у тым лiку iдзiш, эсперанта i японскую. I, аднак, роўна праз паўтара гады пасля падпiсання нашай дамовы я прыйшоў да Феяра, якi так нiколi i не змог зразумець майго рашэння, i аб'явiў:
- З дэтэктывамi канчаю. Хопiць з мяне Мэгрэ.
Думаю, ён палiчыў мяне вар'ятам i ўжо ва ўсякiм разе параноiкам. Добры камерсант, ён нiяк не мог уцямiць, як можна рэзаць курыцу, што нясе залатыя яйкi. Але пасля ўсяго, што я вам ужо распавёў, пасля ўсiх маiх шчырых прызнанняў, вы, спадзяюся, разумееце мяне. Я адчуваў, верыў, што цяпер я досыць моцны, каб адмовiцца ад усiх шаблонаў, каб адкiнуць мылiцы, на якiя абапiраўся.