Читать «Раманiст (на белорусском языке)» онлайн - страница 8
Жорж Сименон
Дарэчы, пра банкiраў. Дазвольце мне нагадаць адно маё выказванне магчыма, наiўнае - таго часу:
"У маiх кнiгах не будзе банкiраў да тае пары, пакуль я не з'ем з адным з iх за сняданкам яйка ўсмятку".
Жыць, i, паўтараю, жыць напружана.
Жыць, каб потым прыдумваць жыццё.
Жыць, каб расказваць гiсторыi.
Сумуючы па тым часе, я згадваю сваю кватэру на Вагезскай плошчы ў Парыжы, якая некалi называлася Каралеўскаю; на ёй жылi кардынал Рышэлье i панi дэ Сэвiнье*.
* Сэвiнье Мары дэ Рабютэн-Шанталь, маркiза (1626-1696) - французская пiсьменнiца, майстар эпiсталярнай прозы.
Успамiны мае пераважна зiмовыя, бо ўвесну я ўцякаў з Парыжа куды-небудзь на прыроду цi на мора. У чатыры гадзiны ранiцы я ўжо быў на нагах. Не забывайцеся: за дзень я павiнен быў адстукаць свае восемдзесят старонак рукапiсу!
Патрэбны прыгоднiцкi раман? Я наўздагад разгортваў Энцыклапедыю Ларуса. Вось велiзарны, амаль невядомы трохкутнiк Афрыкi... I амаль у самым ягоным цэнтры раён Вялiкiх вадаспадаў... Готэнтоты... Пiгмеi... Невядомыя раслiны, назвы якiх падобныя на песню: напрыклад, калi я не памыляюся, Welchirshia Mirabelis - i ўжо гэтая раслiна проста павiнна быць чымсьцi зусiм незвычайным. Я ўжо бачыў раман... Ён будзе называцца "Мiсцюкi Вялiкiх вадаспадаў", бо я iмгненна ўяўляю сабе, як корпаюцца, нiбыта мурашкi, у неўладкаваным, зусiм яшчэ першабытным сваiм свеце пiгмеi ростам з дзiця. Я жыву ў фантастычным свеце, i кнiжак менавiта пра гэты фантастычны свет патрабуюць маленькiя i нават не вельмi маленькiя дзецi. I вось, седзячы спiнаю да агню ў доме на пышнай Вагезскай плошчы, якая з'яўляецца шэдэўрам архiтэктуры ХVII стагоддзя, я пражыву тры днi ў афрыканскiх джунглях, буду сустракацца з iльвамi, са статкамi сланоў i буйвалаў, з гарыламi i грымучымi змеямi!
Я расказваю гiсторыi, расказваю iх самому сабе. Разумееце? Калi заўтра мяне пацягне ў Азiю, я напiшу "Таямнiцу ламаў" цi "Шы Мацзiн, ахвярнiк", а потым перабяруся ў Цiхi акiян, пабываю ўсюды, куды дазволiць мне забрацца Лярус, дайду ажно да вашай краiны, дзе перажыву ў сваiх уяўленнях змрочную гiсторыю "Вока Юты", а трохi пазней яшчэ адну - у стылi Ракамболя* "Чыкагскiя гангстэры"; там будуць i высачэзнейшыя гмахi, i аўтаматныя перастрэлкi.
* Ракамболь - галоўны персанаж многiх твораў французскага пiсьменнiка П.А.Пансон дзю Тэрайля (1829-1871). Былы гарсон парыжскай кавярнi, Ракамболь цаною неверагодных прыгод пракладвае сабе шлях у вышэйшы свет.
Я вучуся расказваць i расказваю, мажлiва, няўмела - абмежаванай групе чытачоў, якая не жадае, каб парушалi яе звычкi. Кожны тыдзень новы раман, i кожны раз ён адрасаваны новаму чытачу: сёння пятнаццацiгадовым хлапчукам цi сентыментальным жанчынам, заўтра аматарам вострых адчуванняў цi экзотыкi. Так, не сыходзячы з месца, я аб'ехаў увесь свет. I клянуся вам, свет гэты быў цудоўны. Ён жа быў несапраўдны - складзены з кубiкаў, прызначаных чытачам, якiя не жадаюць расчароўвацца.