Читать «Раманiст (на белорусском языке)» онлайн - страница 12

Жорж Сименон

Я не рашаюся гаварыць пра важкасць чалавека, а то ў мяне будзе адчуванне, што я спакушаю Бога. Не рашаюся гаварыць, але думаю, думаю ўвесь час, i мне хацелася б адным рухам вуснаў перадаць усё значэнне чалавечае тэмы, усю драматычнасць сутыкнення чалавека з жыццём.

Выбачайце. Я спрабаваў проста даць вызначэнне рамана, як я яго разумею, а дазволiў сабе заглыбiцца ў напышлiвыя словапляценнi. Аднак менавiта гэта i ёсць раман, а таксама многае iншае. Раман - гэта чалавек, чалавек аголены i чалавек адзеты, чалавек будзённы; часам гэта жорсткая драма, якая разыгрываецца памiж чалавекам аголеным i чалавекам адзетым, чалавекам вечным i чалавекам пэўнага адукацыйнага ўзроўню, пэўнае касты цi пэўнага гiстарычнага моманту, але перш за ўсё гэта драма Чалавека, якi змагаецца са сваiм лёсам.

Цi ж не праўда, пасля ўсяго, што я тут нагаварыў, не дужа лёгка прызнаць сябе раманiстам цi заявiць, што хочаш iм быць або стаць?

Разумееце цяпер маё параўнанне раманiста з богам-бацькам?

У шаснаццаць гадоў я аб'явiў сябрам:

- У трыццаць я напiшу свой першы раман!

У трыццаць я задаволiўся тым, што сказаў:

- Сваiм першым раманам я буду лiчыць той, якi напiшу ў сорак гадоў.

Ну а ў сорак... Цяпер мне сорак трэцi, i я ўсё адсоўваю назначаны тэрмiн, бо чым больш сталею, тым больш разумею ўсю пыхлiвасць сваiх намераў.

Першы раман? Можа, я напiшу яго ў пяцьдзесят, а можа, пазней, калi буду жывы; толькi дзеля гэтага мне i хочацца жыць, i толькi таму я зайздрошчу Гётэ, ягонай плённай старасцi. У яго быў час акрэслiць усю лiнiю i замкнуць круг. Паэт можа памерцi малады: у паэзii няма ўзросту, яна ўваходзiць у нас, калi мы яшчэ падлеткi, можа, нават калi яшчэ зусiм дзецi - ды што я кажу, яна звязаная з дзяцiнствам таямнiцаю... А раман - гэта цяжар, гэта сусвет, якi могуць трымаць толькi моцныя плечы.

Вы хочаце, каб я вам расказаў, як я пiшу раман? Вымушаны папярэдзiць, што гэта нi ў якiм разе нельга ўспрымаць як рэцэпт, бо ў кожнага аўтара свой метад, якi адпавядае ягонаму тэмпераменту цi, калi выкарыстоўваць слова, якое я не надта люблю, ягонаму натхненню. Скарыстаўшы выпадак, я хацеў бы абвергнуць адну легенду. У мяне часта высакамерна пытаюцца:

- Вы хутка пiшаце?

- Вельмi.

- Здаецца, за месяц раман?

- Не, за адзiнаццаць дзён*.

* Звычайны сiменонаўскi раман (накшталт "Порта ў тумане") - гэта найчасцей прыкладна 180 старонак такой кнiгi, якую вы цяпер чытаеце. Такiм чынам, пiсьменнiк у сталую сваю пару пiсаў прыблiзна 16 старонак у дзень. Калi ўлiчыць ягоную фенаменальную працаздольнасць, багатыя фантазiю i вопыт, характар i надзвычайную стылёвую простасць многiх раманаў, распрацаванасць абраных метадаў i выдатныя ўмовы жыцця, а таксама той факт, што з узростам Сiменон пiсаў раманы ўсё радзей (да чатырох на год), то ў гэтай, няхай сабе i неверагоднай, вынiковасцi няма нiчога фантастычнага. (Заўв. перакладнiка.)