Читать «Раманiст (на белорусском языке)» онлайн - страница 11

Жорж Сименон

Я наблiзiўся да чалавека - чалавека аголенага, чалавека, якi стаiць твар у твар са сваiм лёсам, а ён, мяркую, сама галоўны рухавiк рамана.

Згадайце, што я вам казаў у самым пачатку пра мае iлюзii ў дванаццаць гадоў, пра пары ў шаснаццаць, пра самалюбiвыя памкненнi ў дваццаць. Мне хочацца, каб вы адчулi, што бывае прызванне, якому немагчыма не давярацца, хоць у гэтым няма анiякай нашай заслугi. Iснуе нейкi ўнутраны фактар, якому немагчыма супрацiўляцца, як нельга супрацiўляцца страсцi.

Гэтай страсцi мне вельмi хацелася б даць дакладнае вызначэнне, але, як бачыце, я няздольны гаварыць пра яе ў дакладных тэрмiнах, а магу толькi, выкарыстоўваючы ўспамiны, прымусiць вас адчуваць яе; дык вось, гэтая страсць называецца любоўю да чалавека, да ягонага Лёсу, да ягонай Велiчы i Нiкчэмнасцi, да жорсткага, бязмернага разрыву памiж ягонымi адмысловымi памкненнямi i мажлiвасцямi.

Калет казала мне:

- Навучыцеся распавядаць гiсторыю, а ўсё астатняе дадасца!

Дзесяць гадоў майго жыцця пайшло на тое, каб я сяк-так навучыўся расказваць гiсторыi хлопчыкам, краўчыхам, машынiсткам, брамнiцам. Але вось наспеў дзень, калi я, можа, заўчасна, палiчыў сябе здатным i на астатняе - i аб'явiў:

- Адгэтуль я буду пiсаць проста раманы.

Вядома, мне хацелася растлумачыць вам, што я разумею пад проста раманам цi, карацей, раманам. Але мне гэта цяжка перш за ўсё таму, што я дрэнна падрыхтаваны мець справу з iдэямi. Уявiце сабе, на працягу дваццацi гадоў усе мае намаганнi, усе памкненнi накiроўвалiся на тое, каб выкарыстаць толькi матэрыяльныя словы. Вось яшчэ адно вызначэнне, якое трэба было б дадаць i якое я не магу сфармуляваць. Калi хочаце, гэта словы, якiя маюць матэрыяльную вагу, словы, якiя маюць тры вымярэннi, як стол, дом, шклянка вады. Гэта здаецца простым, i, шчыра кажучы, у пачатку шляху мяне больш за ўсё ўражвала адсутнасць шчыльнасцi ў людзях i прадметах, якiя я апiсваў. Адсутнасць гэтае шчыльнасцi ўражвае мяне й дагэтуль - ва ўсiм, што пiшацца ў дваццаць гадоў.

Нехта, гаворачы пра жывапiс, заўважыў:

- Iдэальная, дасканалая карцiна - гэта тая, у якой можна выразаць у правым цi левым кутку кавалачак у дзесяць квадратных сантыметраў, i ён будзе ўяўляць сабою нешта цудоўнае.

Гэтыя словы праследавалi мяне ўжо тады, як я, невядомы - з прычыны шаснаццацi маiх псеўданiмаў i нягледзячы на iх, а таксама з-за штодзённага васьмiдзесяцiстаронкавага ўроку - пiсьменнiк, штодня дапускаў найцяжэйшыя памылкi i прамашкi ў адносiнах да мастацтва i добрага густу. Прымусiць жыць дрэва ў садзе насуперак трагедыi, што адбываецца побач... Надаць лiстам гэтага дрэва ўласцiвую iм важкасць... Здаецца, я знайшоў патрэбнае слова - важкасць. Важкасць аркуша паперы, шматка неба, якойсьцi рэчы, усiх тых рэчаў, якiя ў сама напружаныя моманты нашага жыцця набываюць патаемнае значэнне...

Важкасць электрычнага асвятлення, сонечнага промня, зеленаватага святла, якое льецца з-за аблокаў у марозны ранак, важкасць усяго, што вакол нас дажджу, вясны, гарачага сонца, сонечнага зайчыка на стале, ды цi ж мала чаго яшчэ... Важкасць рэчаў, цi, калi дазволiце выкарыстаць слова, якое з дзiўнай упартасцю круцiцца на языку, важкасць Жыцця.