Читать «Порт у тумане (на белорусском языке)» онлайн - страница 36

Жорж Сименон

- Праверце, калi ласка, цi ўсе ровары на месцы!

I з гэтага моманту ўсё пайшло, нiбы ў зладжаным механiзме. Думка Мэгрэ працавала, быццам шасцярня, рух якой дакладна адпавядаў развiццю падзей.

- Чорт! Няма майго...

Камiсар не здзiвiўся, не задаваў пытанняў. Ён зноў прайшоў на кухню i зняў слухаўку.

- Дайце мне палiцэйскi камiсарыят Кана... Так... Дзякуй... Алё! Гэта галоўны камiсарыят? З вамi гаворыць камiсар Мэгрэ з крымiнальнай палiцыi. Калi адыходзiць цягнiк на Парыж?.. Як?.. Не раней адзiнаццацi?.. Не!.. Слухайце!.. Будзьце ласкавы, занатуйце... Першае. Праверце, цi праўда панi Гранмэзон... але, жонка суднаўладальнiка... паехала на аўтамабiлi ў Парыж. Другое. Даведацца, цi не з'яўляўся ў iх у доме або ў канторы хто-небудзь незнаёмы. Але, гэта проста! Толькi гэта яшчэ не ўсё. Вы натуеце? Трэцяе. Абысцi ўсе гаражы горада. Колькi iх?.. Каля дваццацi?.. Чакайце! Мяне цiкавяць толькi тыя, што даюць машыны напракат... Пачнiце з раёна вакзала... Высветлiце таксама, цi не браў хто напракат машыну да Парыжа, з шафёрам цi без... Даведайцеся, цi не купiў хто старую машыну... Алё! Чакайце, я вам кажу!.. Магчыма, ён пакiнуў у Кане ровар... Але, гэта ўсё!.. У вас хопiць палiцэйскiх, каб зрабiць гэта ўсё адразу ж?.. Добра, дамовiлiся!.. Як толькi хоць пра што-небудзь даведаецеся, тэлефануйце мне ў "Марацкi прытулак" у Вiстрэаме...

Партавiкi, якiя пацягвалi патроху аперытыў у горача натопленай зале, чулi ўсё. Калi Мэгрэ вярнуўся з кухнi, твары ў iх былi сур'ёзныя, устрывожаныя.

- Вы думаеце, мой ровар... - пачаў быў шлюзаўшчык.

- Грогу! - суха загадаў Мэгрэ.

Гэта быў ужо не той чалавек, якi яшчэ ўчора зычлiва ўсмiхаўся i чокаўся з кожным з iх. Цяпер ён ледзь бачыў наведнiкаў шынка, амаль не пазнаваў...

- "Сэн-Мiшэль" не вярнуўся з Кана?

- Яны занялi чаргу на вячэрняе шлюзаванне. Але надвор'е не дазволiць iм выйсцi ў мора.

- Шторм?

- Ва ўсякiм разе, вецер будзе вялiкi. Ды яшчэ паўночны, а з гэтым лепш не жартаваць. Вы чуеце мяне?

Напружыўшы слых, можна было пачуць, як б'юцца аб палi пiрса хвалi. Дзверы ў шынку аж дрыжалi - так усхадзiўся вецер.

- Калi мне раптам будуць тэлефанаваць, паклiчце мяне. Я буду на дарозе... Метраў сто адсюль...

- Насупраць мэравага дома?

На вулiцы Мэгрэ з вялiкаю цяжкасцю распалiў люльку. Густыя хмары праплывалi так нiзка, што, здавалася, закраналi вершалiны таполяў уздоўж дарогi. Нават за пяць метраў было амаль немагчыма разгледзець iнспектара Люка, якi па-ранейшаму стаяў на карнiзе.

- Нiчога новага?

- Больш не гуляюць. Луi раптам абрыдла, i ён змяшаў шашкi.

- Што цяпер робяць?

- Мэр сядзiць у крэсле, выцягнуў ногi. Луi палiць цыгары i п'е грог. Разламаў ужо з дзесятак цыгар. Робiць гэта з iранiчным выглядам, каб больш раззлаваць мэра.

- Колькi ён грогу выпiў?

- Пяць або шэсць шклянак...

Мэгрэ бачыў толькi вузкую палоску святла. Мiма праехалi на роварах да гарадка муляры - вярталiся з працы. Потым з'явiлася нейкая павозка. Разгледзеўшы ў цемры постацi людзей, селянiн пачаў паганяць каня аддаляючыся, колькi разоў з трывогаю азiрнуўся.