Читать «Порт у тумане (на белорусском языке)» онлайн - страница 37

Жорж Сименон

- А што служанка?

- Яе больш не вiдаць. Мабыць, на кухнi. Мне яшчэ доўга тут стаяць?.. Прынясiце ўжо хоць яшчэ колькi камянёў, а то ж на дыбачках стаю...

Мэгрэ прынёс камянi. Мора ўсё больш раз'юшвалася. Хвалi каля берага падымалiся, пэўна, метры на два i разбiвалiся на пяску ў белы шум.

У раёне порта нехта гучна бразнуў дзвярыма. Вiдаць, у шынку. У садзе з'явiлася чыясьцi постаць - чалавек нешта выглядваў. Мэгрэ кiнуўся да яго.

- А, гэта вы... Вас просяць да тэлефона... Выклiкаў Кан.

- Алё!.. Камiсар Мэгрэ? Як вы гэта ўгадалi?!. Панi Гранмэзон праехала сёння ранiцаю праз Кан з Вiстрэама ў Парыж. Яна пакiнула дачку дома, пад нагляд гувернанткi... Апоўднi выехала на машыне... Наконт незнаёмага вы таксама ўгадалi... Толькi мы звярнулiся ў першы ж гараж, насупраць вакзала, нам адразу адказалi... Гэты чалавек прыехаў на ровары... Хацеў узяць напракат машыну без шафёра... Яму адказалi, што яны такiх паслуг не робяць... Чалавек спяшаўся... Ён спытаў, цi нельга купiць якую машыну, хуткую на хаду, але пажадана старую... Яму прадалi аўтамабiль за дванаццаць тысяч франкаў, якiя ён адразу ж i выклаў... Машына - жоўтая, спартовага тыпу, з адкрытым верхам... Як i на ўсiх машынах, што на продаж, на ёй напiсана лiтара "w"...

- Вам вядома, куды яна накiравалася?

- Чалавек пытаўся, як праехаць у Парыж праз Лiзьё i Эўрэ.

- Тэлефануйце ў палiцыю i жандармерыю Лiзьё, Эўрэ, Манту, Сэн-Жэрмэна... Папярэдзьце Парыж, каб сачылi за ўсiмi ўездамi ў горад, асаблiва ў раёне Маё...

- Машыну трэба спынiць?

- Але, i арыштаваць вадзiцеля! У вас ёсць яго апiсанне?

- Гаспадар гаража кажа, што ён даволi высокага росту, сярэднiх гадоў, у светлым элегантным гарнiтуры...

- Загад у сiле: тэлефанаваць мне ў Вiстрэам, як толькi...

- Прабачце, хутка сем гадзiн... Пасля сямi тэлефоннай сувязi з Вiстрэамам няма... Хiба што вы звернецеся да мэра...

- Чаму?

- Таму што яго нумар першы i ноччу ў яго прамая сувязь з Канам.

- Пасадзiце каго-небудзь на камутатар. Калi папросяць мэра, трэба праслухаць размову... У вас ёсць машына?

- Але, малалiтражка.

- Ну й хопiць, каб даехаць да мяне з паведамленнем... Я па-ранейшаму ў "Марацкiм прытулку".

У шынку капiтан Дэлькур асмелiўся спытацца ў Мэгрэ:

- Гэта вы забойцу ловiце?

- Не ведаю!

Людзi ў шынку не маглi зразумець, чаму Мэгрэ, яшчэ ўчора такi сардэчны i просты, здаваўся цяпер далёкiм ад iх i нават злым.

Ён выйшаў, нiчога не растлумачыўшы. Вецер усё больш хваляваў мора. На мосце, якi дрыжаў пад нацiскам буры, камiсару прыйшлося шчыльна зашпiлiцца.

Каля Жарысавага дома ён спынiўся i пасля некаторых ваганняў зазiрнуў у замок. У глыбiнi калiдора ён убачыў зашклёныя дзверы кухнi. Гарэла святло. Нехта хадзiў памiж плiтою i сталом.

Мэгрэ пазванiў. Жулi замерла са сподачкам у руках, пасля паставiла яго на стол i выйшла з кухнi да дзвярэй.

- Хто там? - спытала яна з трывогаю.

- Камiсар Мэгрэ!

Жулi адчынiла, прапусцiла яго. Яна нервавалася, увесь час азiралася, вочы ў яе былi чырвоныя ад слёз.